In English:
The chosen ones. Which of journalists work at the Belarusian-Polish border
На русском языке:
Избранные. Кто из журналистов работает на беларусско-польской границе
У Twitter-акаўнце Войск тэрытарыяльнай абароны Польшчы з’явіліся фатаграфіі, дзе бачна, як журналісты бяруць інтэрв’ю ў мігрантаў. На здымках можна ўбачыць мікрафон расійскага тэлеканала «Расія», чалавека з фотаапаратам у ваеннай форме і тэлеаператараў без абазначэння. Здымкі зробленыя з тэрыторыі Польшчы.
У каментары да поста напісана, што перад інтэрв’ю праходзіць падрыхтоўка і інструктаж лідараў. «Кожны дзень з боку Беларусі прывозяць журналістаў, якія цынічна выкарыстоўваюць мігрантаў для стварэння сваіх прапагандысцкіх паведамленняў», – гаворыцца ў пасце.
З панядзелка, 8 лістапада, калі сітуацыя на беларуска-польскай мяжы абвастрылася і там сабраліся некалькі тысяч мігрантаў з Блізкага Усходу, доступ незалежных СМІ для аб’ектыўнага асвятлення сітуацыі быў немагчымы. Першыя здымкі з лагера мігрантаў з’явіліся ў стужцы БелТА і крамлёўскага выдання «Спутнік. Беларусь». Пазней яны былі апублікаваныя сусветнымі агенцтвамі навін Reuters, AP, AFP, EPA. Нагадаем, што восенню 2020 года ў журналістаў гэтых агенцтваў, якія працуюць у Беларусі, анулявалі акрэдытацыі, выдадзеныя раней МЗС. Увесну – улетку 2021 года прайшлі зачысткі ў незалежных беларускіх СМІ: некаторыя з іх прызнаныя экстрэмісцкімі, частка рэдакцый была вымушаная пакінуць краіну і працягваць працу з-за мяжы.
Злева направа: фотакарэспандэнт БелТА Раміль Насібулін, фотакарэспандэнт «Спутнік. Беларусь» Леанід Шчаглоў, невядомы / Скрыншот: Halgord Omar Presse / Facebook
Сярод беларускіх журналістаў у лагеры мігрантаў на мяжы можна было ўбачыць прадстаўнікоў СТБ Аляксея Голікава і Рыгора Азаронка, Людмілу Гладкую з выдавецкага дома «Беларусь Сегодня», фотакарэспандэнтаў БелТА.
Карэспандэнт «СБ. Беларусь Сегодня» Людміла Гладкая / Скрыншот з відэа Людмілы Гладкай
«Блогер» тэлеканала СТБ Аляксей Голікаў / Скрыншот з відэа
Журналіст тэлеканала СТБ Рыгор Азаронак бярэ інтэрв'ю ў журналіста Russia Today Канстанціна Прыдыбайла / Скрыншот з відэа тэлеканала СТБ
Доступ да лагера мігрантаў атрымалі пракрамлёўскія расійскія выданні, такія як тэлеканал «Расія», тэлеканал НТВ, Russia Today, «Спутнік. Беларусь». Паводле інфармацыі рэдакцыі motolko.help, незалежныя расійскія СМІ таксама маюць цяжкасці з атрыманнем часовай акрэдытацыі для працы на мяжы.
З тэрыторыі Польшчы доступ журналістаў на мяжу таксама ўскладнены. У верасні Польшча ўвяла рэжым надзвычайнага становішча ў прыгранічных раёнах, паводле якога на тэрыторыі забаронена праца журналістаў. У панядзелак, 8 лістапада, фонд Grand Press накіраваў польскаму прэм’еру Матэвушу Маравецкаму адкрыты ліст з заклікам дазволіць СМІ працаваць у зоне дзеяння надзвычайнага становішча. «Права грамадзян – доступ да інфармацыі, а абавязак СМІ – магчымасць кантраляваць дзеянні ўлад», – гаворыцца ў лісце.
Такім чынам, сітуацыя на беларуска-польскай мяжы асвятляецца толькі дзяржаўнымі структурамі і дзяржаўнымі СМІ, што не можа сведчыць аб аб’ектыўнасці інфармацыі, якая падаецца.