На русском языке:
Какие банки заблокировали работу своих карт в Беларуси? Список
13 кастрычніка стала вядома, што анлайн-банк Revolut абмежаваў магчымасць выкарыстання сваіх дэбетавых карт на тэрыторыі Беларусі. «Мы скончылі працу некалькі хвілін таму – з сённяшняга дня мы блакуем разлікі плацежнымі картамі ў Беларусі», – паведамілі тады ў банку.
Да гэтага рашэння сэрвіс усё яшчэ дазваляў сваім кліентам у Беларусі ажыццяўляць плацяжы і здымаць наяўныя грошы, няхай і ў абмежаваным абʼёме.
Рэдакцыя motolko.help вырашыла вывучыць сітуацыю і высветліць, якія яшчэ банкі і фінтэх-сэрвісы заблакавалі выкарыстанне сваіх плацежных картак на тэрыторыі Беларусі. Расказваем, што вядома на дадзены момант.
Карта Revolut, ілюстрацыйнае фота / thetimes.co.uk
Šiaulių bankas
Літоўскі банк Šiaulių bankas спыніў абслугоўванне сваіх картак у Беларусі 11 кастрычніка. Па словах банка, прычынай сталі ўведзеныя супраць РБ і РФ санкцыі. Меры прадугледжваюць поўнае спыненне аперацый з плацежнымі картамі на тэрыторыі РБ.
«Аплата плацежнымі картамі Šiauliai bankas у месцах гандлю або аказання паслуг на тэрыторыі Беларусі будзе немагчымая», – заявілі ў банку.
Luminor Bank
Luminor Bank спыніў абслугоўванне па сваіх плацежных картках на тэрыторыі Беларусі з 25 верасня. Абмежаванні прадугледжваюць немагчымасць расплачвацца картамі банка ў гандлёвых і сэрвісных кропках, а таксама ў інтэрнэт-крамах. Акрамя таго, зараз нельга і зняць наяўныя грошы ў банкаматах у Беларусі.
Заява на сайце Luminor / luminor.lt
SEB Bank
15 верасня шведскі SEB Bank увёў абмежаванні на абслугоўванне сваіх плацежных картак на тэрыторыі Беларусі, таксама аргументаваўшы такі крок уведзенымі санкцыямі:
«Праз тое, што абʼём міжнародных санкцый увесь час павялічваецца, банк SEB не можа забяспечыць магчымасць выкарыстання картак банка SEB і ў Беларусі (як у крамах і месцах абслугоўвання кліентаў, так і банкаматах). Рэкамендуем не спадзявацца на здзяйсненне разлікаў картамі банка SEB і зняцце наяўных грошай у банкаматах у Беларусі», – паведаміў банк у сваім звароце.
Адзначым, што ў канцы жніўня 2023 SEB Bank ужо ўводзіў абмежаванні для Беларусі.
Swedbank
6 верасня шведская група Swedbank паведаміла аб спыненні абслугоўвання сваіх банкаўскіх картак на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта таксама паведамілі літоўскі і латвійскі філіялы банка.
Абмежаванні датычацца аплаты карткамі банка ў гандлёвых і сэрвісных пунктах, а таксама зняцця наяўных грошай у банкаматах на тэрыторыі Беларусі. Адзначым, што пакуль невядома, ці закрануць гэтыя абмежаванні аплату тавараў у беларускіх інтэрнэт-крамах з-за мяжы.
Wise
Акрамя Revolut, забарону на выкарыстанне сваіх дэбетавых карт у Беларусі ўвяла і брытанская фінтэх-кампанія Wise, якая ўключыла Беларусь у спіс краін, дзе яе карты не працуюць. Таксама адзначым, што раней плацежны сэрвіс Wise спыніў падтрымку беларускіх рублёў, а пазней спыніў апрацоўку плацяжоў для беларускага бізнесу.
Беларусь у спісе краін, дзе не працуюць карты Wise / Wise.com
Coop Pank
На гэты момант вядома, што апроч шэрагу банкаў Літвы і Латвіі, забарону на выкарыстанне сваіх карт у Беларусі ўвёў і як мінімум адзін банк Эстоніі. Размова пра Coop Pank, які забараніў аперацыі па сваіх картах у гандлёвых і сэрвісных кропках, а таксама ў інтэрнэт-крамах на тэрыторыі Беларусі з 11 верасня 2023 года. З 16 верасня абмежаванні таксама ўключаюць у сябе немагчымасць зняцця наяўных грошай у банкаматах з выкарыстаннем картак банка.
Citadele
Латвійскі банк Citadele абмежаваў працу сваіх банкаўскіх карт на тэрыторыі Беларусі з 2 кастрычніка. Абмежаванні ўключаюць у сябе як аплату, так і зняцце наяўных грошай у банкаматах з выкарыстаннем картак банка.
LHV Pank (Эстонія)
Дапоўнена 18:30 20.10:
Рэдакцыя motolko.help высветліла, што забарону на выкарыстанне сваіх карт у Беларусі ўвёў і эстонскі банк LHV Pank. Па нашых дадзеных, гэта адбылося яшчэ напрыканцы верасня. Як растлумачылі ў банку, блакіроўка распаўсюджваецца на ўсе аперацыі з картамі LHV: іх нельга выкарыстоўваць ні ў магазінах, ні ў маркетплейсах, ні ў банкаматах у Беларусі.
Не выключана, што спіс банкаў, якія ўжо забаранілі выкарыстанне сваіх карт у Беларусі можа быць шырэй, таму, калі вам вядомая інфармацыя аб абмежаваннях у працы карт іншых банкаў на тэрыторыі Беларусі, звяжыцеся з намі праз наш бот @Motolko_bot (ці праз вашых сяброў за мяжой), альбо выкарыстоўваючы форму сувязі ніжэй.