Tэлеграм-канал «Нік і Майк» апублікаваў зліты кібер-партызанамі аўдыёзапіс тэлефоннай размовы паміж меркаванай Наталляй Эйсмант і Дзмітрыем Балабам. Мяркуючы па згаданых падзеях, размова адбывалася 10 лістапада 2020 года. 11 лістапада быў здзейснены напад на Рамана Бандарэнку на плошчы Перамен.
«Мы заўтра плануем… ну, я спадзяюся, што сур’ёзна. Таму што я не люблю, калі мяне крытыкуюць», — кажа, па ўсёй верагоднасці, Эйсмант Балабу.
У размове неаднаразова згадваецца Наталля Іванаўна (верагодна, гаворка аб Наталлі Качанавай), Кубракоў і Дзмітрый Шакута. Таксама Эйсмант просіць, акрамя СОБРа, накіраваць байцоў АМАПу на плошчу Перамен на ахову «неабыякавых грамадзян», што зразаюць БЧБ-стужачкі.
«Увесь СОБР, які з намі працуе, ну акрамя Шакуты — ён па запрашэнні, па «грамадзянцы», — а ўсе астатнія хлопцы, якія з намі працуюць — яны ўсе мяняюцца, усе цалкам. […] Можа быць, вы тады дасцё нам вашых тых рабят, якія з намі ў мінулы раз працавалі, на падстрахоўку? Прынамсі, яны нас ужо ведаюць…», — гаворыць голас, падобны да Эйсмант.
«Дамовіліся. Тады з Дзімам Шакутам той жа чалавек стэлефануецца, усё, група будзе тая ж, якая была мінулым разам», — кажа голас, падобны да Балабы.
Таксама голас падобны да Эйсмант некалькі разоў згадвае рэйд у Новай Баравой, дзе жыхары раёна далі адпор правакатарам, і дзеліцца сваёй незадаволенасцю:
«У нас кіраўнік пытаўся падрабязна пра сітуацыю, якая была ў Новай Баравой. Наогул, шчыра кажучы, калі ехаць у такія кропкі, то наогул усім — і з вашымі, у тым ліку — трэба дамаўляцца пра тое, як дзейнічаць.
[…]
Я вельмі шмат пра гэта думала. Мы проста не былі гатовыя. Мы расслабіліся.
[…]
Давайце арганізуем сур’ёзны рэйд, і ўсё, каб ужо… Ну, з нагоды Баравой няма, напэўна, там жа, ну, няма пакуль нічога. А па ўсіх астатніх мы плануем. […] Проста мы заўтра плануем, я спадзяюся, што сур’ёзна», — гаворыць голас падобны да Эйсмант.
11 лістапада ў двары дамоў па вуліцы Чарвякова і Сморгаўскага гасцінца (у народзе — «Плошча Перамен») быў выкрадзены і пасля забіты Раман Бандарэнка. Людзі ў цывільным і ў масках, якія зразалі чырвоныя і белыя стужкі з плота, схапілі яго і пацягнулі ў бус. Вядома, што пасля гэтага ён прыбыў у РУУС, а адтуль — у бальніцу хуткай дапамогі, дзе 12 лістапада памёр ад атрыманых траўмаў. Паводле расследавання BYPOL, апублікаваных запісаў тэлефонных размоў, білінгу званкоў і геалакацыі мабільных тэлефонаў, да інцыдэнту маглі быць датычныя Дзмітрый Шакута, Дзмітрый Баскаў і прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант.
Крымінальная справа па факце смерці Рамана Бандарэнкі была ўзбуджаная толькі ў лютым 2021 года. Хто праходзіць падазраваным па справе да гэтага часу не паведамлялася.