In English:
Zmitser Dashkevich was sentenced to 1,5 in a penal colony, his wife Nasta – to 3 years of house arrest
На русском языке:
Змитра Дашкевича приговорили к 1,5 годам колонии, его жену Настю – к 3 годам домашней химии
Суддзя Таццяна Пірожнікава прызнала іх вінаватымі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у акцыі 23 жніўня 2020 года.
Зміцер Дашкевіч знаходзіцца ў зняволенні з 23 сакавіка. 15 чэрвеня Наста нарадзіла сына Данііла, гэта чацвёртае дзіця ў сям’і, піша «Наша Ніва».
На судзе Зміцер Дашкевіч выступіў з магутнай прамовай:
Сям'я Дашкевічаў. / Фота: з архіва Зміцера і Насты Дашкевічаў
«Канечне, я разумеў, што мяне чакае, але тое, што я пачуў ад пракурора, гэта вышэй за разуменне.
Ісус даў нам уладу адпусціць грахі чалавеку ці пакараць. Які павінен быць грэх, што маці чатырох дзяцей, немаўлятка неданошанага, просяць пасадзіць у турму?
Я часам задаю сабе пытанне, што думаюць гэтыя людзі, калі просяць выносіць прысуды. Было б прасцей, каб мы бачылі перад сабой звяроў. А так яны ходзяць, усміхаюцца. Следчыя, якія пішуць гэтыя справы, просяць прабачэння, усміхаюцца, цукеркі носяць на закрыццё справы.
Летась я стаяў, калі да мяне падышла дзяўчына са слязамі на вачах. Кажа: «Вось даведалася, што вы тут стаіце, прыйшла папрасіць прабачэння». Я не зразумеў, пра што яна гаворыць. Кажа: «Тата мой у 2004 годзе даў вам 14 сутак, памятаеце?» А я вельмі добра запомніў, таму што гэта быў адзіны выпадак, калі мне 14 сутак давалі. І вось праз 17 гадоў да мяне падышла дачка суддзі і сказала: «Прабачце».
Напэўна, адзін з самых шчымлівых момантаў за гэтыя больш чым 20 гадоў. Я не паспеў у яе запытаць, але напэўна яна размаўляла з татам, тата думаў пра гэта ўсе гады.
Даючы мне 14 сутак, разумеў, што ён робіць беззаконне. Нават 14 сутак, хоць у той момант я не вельмі расстроіўся б і 14 гадам. А тут паўтара мы года просім матулі з немаўляткам на руках.
Сям'я Дашкевічаў. / Фота: з архіва Зміцера і Насты Дашкевічаў
Што адбываецца зараз, немагчыма зразумець. Калі падчас арышту мяне білі пры маёй жонцы цяжарнай і казалі: «Что говорит этот человек? Пусть говорит нормально. Пусть нормально разговаривает».
Калі везлі ў машыне, гэты губопавец сказаў: «Я б цябе знішчыў толькі за тое, што ты дзяцей…» Я кажу: «Паслухай, што я раблю не тое?» Ён: «Ну вось лісты пішаце, мы пазнаходзілі лісты, далучылі да крымінальнай справы».
Знайшлі лісты, якія дзеці нашыя пісалі Марыі Калеснікавай — «Маша, мы молімся за цябе, мы любім цябе». Вось гэта злачынства — дзеці пішуць лісты палітвязням.
Калі мяне арыштоўвалі на Акрэсціна па крымінальнай справе, таксама губопаўцы смяяліся: «Жонка будзе нараджаць у турме».
Я думаў, што гэта самы страшны дзень у маім жыцці, але сёння, напэўна, яшчэ страшнейшы.
Настачка, прабач мне, што я цябе ў гэта ўцягнуў. Не мог уявіць ніколі, што такое можа з намі адбыцца. Я ўвесь час разважаў, што я нясу гэты крыж, але я не мог падумаць у страшным сне, што я ўскладу гэты крыж на цябе. Даруй мне, што я так мала думаў пра цябе.
Я кахаю цябе і малюся за цябе і за нашых дзетак, за неданошанага Даніільчыка нашага (плача). Ты святая жанчына. Я не ведаю такіх. Даруй, што я падвёў цябе.
Сям'я Дашкевічаў. / Фота: з архіва Зміцера і Насты Дашкевічаў
Я не разумею, што адбывацца. Людзі з вышэйшымі юрыдычнымі адукацыямі лічаць, што злачынца — гэта той, хто супраць гвалту выйшаў, а не той, хто робіць гвалт. Злачынцамі яны лічаць таго, хто хоча праўды, а не таго, хто кажа «Часам не да законаў».
Спадзяюся на Божую волю, хоць я не разумею, што адбываецца, скажу вам так.
У тым, што такая сістэма можа існаваць, няма сумневу. Я проста зычу вам, суддзі, пракуроры, падумаць пра душу сваю. Я заўсёды кажу на судах (хоць гэта і бессэнсоўна): Ісус Хрыстос кажа — што ты дасі за душу сваю, калі прыйдзе дзень суда справядлівага?
Што ты дасі за душу сваю, калі будзе суд сапраўдны? Вы назвалі сябе судом. Бог называе сябе судом. Імя Бога — суддзя. І я адказваю: прыйшоў суддзя і судзіў мяне справядліва за тое, што выйшаў 23-га з дзецьмі і раздаваў буклеты «Малітва за Беларусь», Бібліі раздаваў.
У дзень сапраўднага суда вы нічога не дасцё за сваю душу. І дай Бог, каб вашы дзеці праз 17 гадоў ці праз 17 месяцаў, ці вы самі прыйшлі і сказалі: «Прабач».
І, бачыць Бог, не жадаю нікому з вас зла. Адзінае, каб вы трошку задумаліся, што вы робіце, ці ёсць нешта, што б вы не зрабілі, калі вам загадаюць, ці ёсць для вас нейкія межы».