З’явілася мапа гістарычнай спадчыны беларусаў у замежжы

4 хв.

Стваральнікі агрэгатара беларускага бізнесу замежжа bymapka стварылі мапу гістарычных мясцінаў беларусаў па-за межамі нашай краіны — kultmapka.me

На дадзены момант на мапе сабрана больш за 220 знакавых мясцінаў для беларускай гісторыі:

  • Беларускія палацы, касцёлы і цэрквы;
  • Помнікі і месцы пахавання нашых продкаў;
  • Будынкі, дзе жылі знакамітыя беларусы і працавалі беларускія ўрадавыя арганізацыі;
  • Больш за 30 музеяў, дзе прадстаўленыя творы і рэчы вядомых беларусаў.

Артэфакты беларускай гісторыі ўжо знойдзеныя больш чым у 30-ці краінах. І галоўнае: кожны можа дадаць на мапу іншы беларускі аб’ект, якога пакуль там няма, каб спадчына беларусаў была пазначаная ў кожнай краіне свету.

«Задача – дапамагчы землякам адшукаць месцы, звязаныя з Беларуссю, глыбей даведацца пра ўласную гісторыю і культуру, усвядоміць уклад ураджэнцаў нашых зямель у гісторыю і культуру іншых краін і ўсяго свету», – пішуць стваральнікі.

Паглядзець беларускія гістарычныя мясціны ў замежжы і дадаць вядомыя вам можна тут.

З’явілася мапа гістарычнай спадчыны беларусаў у замежжы

Згодна з прэс-рэлізам, каардынаты артэфактаў абазначаны ўжо ў 30 краінах – ад суседніх Літвы, Украіны, Расіі і Польшчы да далёкіх ЗША, Канады, Аўстраліі і нават Чылі. На карце ўжо больш за 200 пунктаў: знакавыя месцы, помнікі, музеі, магілы і нават горы, названыя ў гонар нашых землякоў. Напрыклад, гара Касцюшкі ў Аўстраліі атрымала імя нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША, змагара за незалежнасць Тадэвуша Касцюшкі. Магіла самога героя, яго музей–кватэра захоўваюцца ў швейцарскіх гарадах Зухвіль і Залатурн.

Кардыльера-Дамейка – горны хрыбет у Паўднёвай Амерыцы названы ў гонар ураджэнца Беларусі, нацыянальнага героя Чылі, заснавальніка ўніверсітэту ў Сант’яга і вялікага сябра Адама Міцкевіча Ігната Дамейкі.

На карце пазначана больш за дзясятак музеяў у розных краінах, якія захоўваюць палотны ўраджэнца Віцебску, сусветна вядомага мастака Марка Шагала. На могілках французскага гораду Сен-Поль-дэ-Ванс з дапамогай культмапкі можна адшукаць магілу мастака.

Таксама можна знайсці месцы, дзе жыў, працаваў і выкладаў беларускі першадрукар, ураджэнец Полацку Францыск Скарына. І гэта не толькі Вільня і Прага, дзе асветнік выдаваў свае кнігі, яшчэ і Падуя. Тут у мясцовым універсітэце Скарына здаў іспыт і атрымаў ступень доктара медыцыны.

Карта пакажа адрасы, дзе жыў, вянчаўся, выкладаў, дзе памёр і пахаваны ўраджэнец Наваградчыны, польска-беларуска-літоўскі паэт Адам Міцкевіч. А таксама ўраджэнец Міншчыны, стваральнік нацыянальнай польскай оперы ці прабацька беларускай оперы Станіслаў Манюшка. Таксама на карту нанесены месцы, звязаныя з нашымі сучаснікамі. Напрыклад, дамы ў Празе, дзе перад вяртаннем з выгнання на радзіму жыў пісьменнік Васіль Быкаў. Абазначана і магіла ўраджэнца вёскі Вішнева ў Валожынскім раёне, 9-га прэзідэнта Ізраілю Шымона Перэса.

Папярэдні матэрыял
«Вагнер» застаецца ў Беларусі? У лагеры ПВК знаходзіцца больш за 1000 адзінак тэхнікі
Наступны матэрыял
Лукашэнка паляцеў глядзець «лінію Хрэніна» пад Жабінкай

Iншыя матэрыялы