Святлана Ціханоўская і дэмакратычныя сілы Беларусі правядуць перамовы з кіраўніцтвам ЕС

Прэс-служба Святланы Ціханоўская
5 хв.

In English: Sviatlana Tsikhanouskaya and democratic forces of Belarus will hold negotiations with the EU leadership
На русском языке: Светлана Тихановская и демократические силы Беларуси проведут переговоры с руководством ЕС

Сёння вечарам, 12 снежня, дэмакратычныя сілы Беларусі правядуць сустрэчы з кіраўніцтвам ЕС у штаб-кватэрах Рады ЕС і Еўракамісіі ў Бруселі. Падчас сустрэч Святлана Ціханоўская правядзе перамовы з кіраўніком Еўракамісіі Уршуляй фон дэр Ляен і прэзідэнтам Еўрапейскай рады Шарлем Мішэлем.

На сустрэчах будзе абмяркоўвацца развіццё адносінаў Беларусі і ЕС зараз і пасля сыходу Лукашэнкі, удзел Беларусі ва Усходнім партнёрстве, а таксама стратэгія ЕС па Беларусі.

Акрамя таго, сёння пройдзе шматбаковая сустрэча высокага ўзроўню паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і міністрамі краін ЕС пад старшынствам вярхоўнага прадстаўніка па знешняй палітыцы ЕС Жазэпа Барэля. На ёй будзе ўзгадняцца фармат удзелу беларускай грамадзянскай супольнасці ва Усходнім партнёрстве і іншых праграмах ЕС. Таксама абмяркуюць: як падтрымаць грамадзянскую супольнасць у падрыхтоўцы пераходнага перыяду ў Беларусі, якімі могуць быць сцэнары пачатку ў Беларусі нацыянальнага дыялогу аб новых выбарах, як дапамагчы Беларусі ў распрацоўцы эканамічных і сацыяльных рэформ пасля правядзення свабодных выбараў.

Акрамя Святланы Ціханоўскай, дэмакратычныя сілы на сустрэчах прадставяць прадстаўнікі НАУ, Каардынацыйнай рады, каманды Віктара Бабарыкі, праваабарончага цэнтра «Вясна» і іншыя.

«Той факт, што рэжым разбурыў адносіны з мноствам партнёраў і самаўхіліўся з Усходняга партнёрства, не азначае, што гэтыя адносіны разбурылі беларусы. Ён страціў легітымнасць і больш не прадстаўляе волю народа. А народ жадае шукаць сяброў, не ворагаў. Народ хоча думаць пра будучыню, не пра мінулае. Таму я ўдзячная за такую ​​падтрымку з боку людзей, якія вызначаюць будучыню Еўропы. Як я казала ў Еўрапарламенце, мы, беларусы, — такія ж еўрапейцы, і нашы праблемы таксама маюць патрэбу ў сумесных рашэннях і дзеяннях. І я рада, што гэтыя словы былі пачутыя», — сказала Святлана Ціханоўская.

Папярэдні матэрыял
Прэзідэнт Польшчы заклікаў да салідарнасці з Беларуссю
Наступны матэрыял
Кіраўнік галоўнага ўпраўлення КДБ і пасол Беларусі ў Карэі выступіў на канферэнцыі спецслужбаў у Сеуле

Iншыя матэрыялы