In English:
Opinion. «Belarusian order» on discussion in society after the words of Klinov and Kravtsov
На русском языке:
Мнение. «Белорусский порядок» о дискуссии в обществе после слов Клинова и Кравцова
Тэлеграм-канал «Беларускі парадак» апублікаваў пост, у якім разбірае пазіцыю Артура Клінава і прадстаўніка штаба Бабарыкі — Івана Краўцова, чые інтэрв’ю і жаданне выйсці на дыялог з рэжымам выклікалі бурную рэакцыю ў грамадстве. Прыводзім меркаванне без зменаў.
Тэзісны разбор пазіцыі Клінава прывёў у сваім канале журналіст Аляксей Карпека. У кароткім пераказе: пратэсты падаграваў Крэмль, супрацьстаянне зайшло ў тупік, грамадства павінна пайсці насустрач рэжыму, неабходна новая грамадская дамова.
Гэта значыць прапанова вярнуцца ва ўмоўны 2019-ты, калі можна было з аглядкай займацца грамадска-культурнай дзейнасцю, а жэсць была кропкавай: у дачыненні да абаронцаў Курапатаў, анархістаў, Грамады Статкевіча і г.д.
Пазыцыя Краўцова ў нечым развівае тэму. Уціскаючы ўсё сказанае, атрымліваем а) дыялог трэба пачынаць без папярэдніх умоў, б) у якасці кампрамісу прыбраць патрабаванне новых выбараў, в) рэжым клапоціць нешта акрамя захавання ўлады (ха-ха) і там ёсць кантакцёры для дыялогу. Гэта суправаджаецца крытыкай санкцыяў і пазіцыянаваннем сябе як канструктыўнай апазіцыі на фоне «радыкалаў». Такое Гавары праўду 2.0.
Абодва спікеры шукаюць выйсце з зацягнутага крызісу і вераць у формулу мірнага суіснавання з рэжымам. Што пасля яе рэалізацыі частку людзей вызваляць, а рэпрэсіі спыняць. Гэта ўсё грунтуецца на двух міфах:
- рэжым мог дазволіць нацыянальнай буржуазіі і грамадзянскай супольнасці эвалюцыянаваць дастаткова доўга, каб назапасіць сіл для хуткай перамогі. А вылучэнне Бабрыкі было памылкай. Так лічылі многія, я ў тым ліку.
- рэжым пойдзе на нейкае адкручванне гаек, якое дасць беларусам перадышку і магчымасць збіраць рэсурсы да наступнага разу.
Але тут крыюцца дзве памылкі. Першая: колькі б сіл не назапасіла беларускае грамадства, сярэдні клас і інтэлігенцыя наўрад ці паехалі б на лясныя вышколы рыхтавацца да герыльі. Беларусы рыхтаваліся да выбараў, а Лукашэнка адразу рыхтаваўся да вайны. Так што калі б ні адбылося сутыкненне, годам пазней ці двума, мы б усё адно аказаліся не гатовыя.
Другая тычыцца суіснавання з рэжымам. Гэтая формула імі ўжо даўно знойдзена і пазначана: параненых дабіваць, палонных ламаць, уся актыўнасць строга пад кантролем ідэолагаў і адпаведных органаў. Усе кропкі ўваходу ў палітыку замыкаюцца на Юры і новых «патрыётах» з найбольш заўзятых ябацек. Астатніх — на нары ці прэч з краіны.
Было б наіўна меркаваць, што рэжым настолькі тупы, каб у выніку перамоваў даць апанентамі перадышку. Луй і яго банда ўжо чорт ведае колькі разоў казалі, што не дапусцяць паўтарэння 2020-га, дзе вінаватымі ў падзеях прызначаныя грамадзянская супольнасць і сярэдні клас. Гэта артыкуляваў Лукашэнка, прагаворваў Дзермант, Азвяронак і астатнія. Гэта іх логіка і прынцып існавання.
Але добрая навіна заключана ў тым, што пайшла жывая дыскусія. Мяркуючы па рэакцыі аўдыторыі, палітычна актыўныя беларусы не гатовыя абмяркоўваць умовы капітуляцыі. Але тады ўзнікае заканамернае пытанне: окей, калі не капітуляцыя зараз, то тады што далей?
І тут ёсць набор опцый, прапанаваных рознымі актарамі:
- Актыўны супраціў і паўстанне, за што топяць Супраціў, Пракоп’еў, збольшага Bypol (план Перамога).
- Эканамічная блакада і знешні ціск для правакавання памылак рэжыму і прымусу да новых выбараў (Офіс Ціханоўскай, НАУ).
- Гнуткая дыпламатыя (назавём гэта так). Прапануе частка штаба Бабарыкі (цікава, што думае Віктар Дзмітрыевіч), частка экспертнай супольнасці і нацыянальнай інтэлігенцыі, а таксама Зянон Станіслававіч Пазняк.
Першыя дзве опцыі не выключаюць адна адну і ў чымсьці дапаўняюць. Кожная мяркуе пэўную мадэль паводзін. Трэцяя ж патрабуе вызначанай гнуткасці пазіцыі і мыслення, якую неабходна выявіць абодвум бакам. Мяркуючы па тым, што словы «Лукашэнка» і «гнуткасць» знаходзяцца недзе на розных краях кантынента, а яго апанентам няма чаго прапанаваць, гэты трэк дакладна застанецца нявыкарыстаным.
P.S. Калі хтосьці пачуў пра Артура Клінава ўпершыню, вельмі рэкамендую пачытаць яго «Шалом». Выдатная кніга, асабліва для цяжкіх часоў.