In English:
Opinion. «Belarusian Order» on hybrid human rights defenders
На русском языке:
Мнение. «Белорусский порядок» о гибридных правозащитниках
Тэлеграм-канал «Беларускі парадак» апублікаваў пост пра гібрыдных праваабаронцаў, у якім распавядаецца пра тое, як і адкуль яны з’явіліся, чаму менавіта зараз і што яны прапануюць. Прыводзім меркаванне без зменаў.
Адно з назіранняў падчас бягучага крызісу – прапаганда пачала люстэркаваць рыторыку прыхільнікаў змены ўлады. Літаральна, бярэ тэксты пра зверствы беларускіх сілавікоў, мяняе слова «беларускіх» на «польскіх» і публікуе. Быццам бы лажа, але такім чынам адбываецца аппрапрыяцыя дыскурсу і яго абясцэньванне.
У рамках суправаджэння любой гібрыднай аперацыі неабходна далучыць як мага больш замежнікаў, пажадана з праваабарончых, грамадскіх і іншых падобных арганізацый. Нават не для таго, каб схіліць аўдыторыю да свайго пункту гледжання, а пасеяць сумневы і падарваць давер да пазіцыі апанентаў. Да такога часта звярталіся ў СССР, так рабіла Расія падчас вайны на Данбасе.
Тады як грыбы пасля дажджу павылазілі нікому не вядомыя структуры з «дэмакратычнымі» назвамі і расійскім фінансаваннем. Яны выступалі на міжнародных форумах, прасоўваючы расійскі пункт гледжання і размываючы парадак дня. Умоўна, калі не можаш адбяліць кліента, то ачарняй апанентаў і ссоўвай фокус са злачынстваў вінаватага на тое, што абодва бакі аднолькавыя.
Нешта падобнае адбываецца і зараз. Беларускім праваабаронцам нечакана стаў вядомы прахіндзей Дзмітрый Белякоў. Ён жа кітаязнаўца, ён жа саюзны інтэгратар, ён жа ліпавы падпалкоўнік КДБ (насамрэч служыў у ВЧ 51886), і ён жа заснавальнік «Інфаспецназа» (антыбеларускага руху, чые актывісты змагаюцца з беларускай мовай, лезуць у сістэму адукацыі, патрабуюць звальненняў прабеларускіх настаўнікаў).
Раней гэты ушлы г-н займаўся распілоўваннем расійскіх грошай, якія выдзяляюцца на прасоўванне інтэграцыі ў межах праекта «Сонар-2050» (заснаваны расійскім паліттэхнолагам Сямёнам Уралавым). У розны час тамака карміліся Шпакоўскі, Дзермант, Пятроўскі, Аўдонін і іншыя дзеячы прапаганды. Але не падзялілі грошы, пасварыліся і пайшлі, з аўтараў застаўся Белякоў і яшчэ некалькі чалавек. А далей у рэзюмэ тыповая праца прапагандыста – эфіры на расійскім ТБ, радыё «Спутнік», паездкі ў Крым і на Данбас і г.д. Падрабязнасці біяграфіі ёсць у выдатным матэрыяле Рэформ.бай.
Дык вось, з нядаўняга часу Белякоў зарэгістраваў Цэнтр «Сістэмная Праваабарона». Чые правы ён там абараняе, не да канца зразумела, але асноўная мэта – эксплуатацыя рэальных пакут мігрантаў, і перакручванне сітуацыі на карысць рэжыму. Для рэалізацыі гэтай задачы, апроч хадні на эфіры, ён спрабуе арганізаваць «праваабарончую канферэнцыю» ў Мінску. Шэраг еўрапейскіх праваабаронцаў атрымалі ад яго адпаведныя запрашэнні. Канкрэтна ў гэтым выпадку прапагандон поспеху не дабіўся, усе сур’ёзныя структуры яго праігнаравалі.
Але такія спробы будуць пачашчацца. Рэжым афармляе сваіх актараў у псеўдаграмадскія арганізацыі і будзе прадаваць еўрапейцам. Прыкладна як грамадзяніна Васкрасенскага, што калясіць па еўрапейскіх сталіцах і спрабуе сфатаграфавацца хоць з кім-небудзь.
Якая выснова? Пакуль сапраўдныя праваабаронцы сядзяць у турмах альбо вымушаныя пакінуць краіну, на пярэдні план выходзяць жулікі і ашуканцы. Які рэжым – такія і абшчэственнікі.