In English:
Opinion. «Belarusian order» on a new Russian Ambassador to Belarus, business empire and integration
На русском языке:
Мнение. «Белорусский порядок» про нового посла РФ в Беларуси, бизнес-империю и интеграцию
Тэлеграм-канал «Беларускі парадак» апублікаваў пост, дзе расказвае факты з біяграфіі новага пасла Расіі ў Беларусі — Барыса Грызлова. А таксама пра расійскую бізнэс-імперыю выхадцаў з Беларусі, якая можа быць звязана з сям’ёй Аляксандра Лукашэнкі. Прыводзім меркаванне без зменаў.
У біяграфіі новага пасла РФ у Беларусі Барыса Грызлова ёсць некалькі цікавых момантаў. Апроч яго сур’ёзнага становішча ў расійскай чыноўніцкай іерархіі, ён звязаны з сілавікамі. У 2001-2003 быў кіраўніком МУС РФ, а яго сябар дзяцінства экс-кіраўнік ФСБ, цяпер сакратар Савета бяспекі РФ Мікалая Патрушава. Гэта важна ў кантэксце наступнага факту.
Размова ідзе аб маскоўскай бізнэс-імперыі выхадцаў з Беларусі, Юрыя і Аляксея Хоціных. Першапачаткова яны займаліся вытворчасцю касметычных прэпаратаў («Белкасмекс»). У канцы 90-ых зайшлі на рынак нерухомасці ў Маскве, а таксама займаліся вытворчасцю бытавой хіміі. Мяркуючы па ўрыўках інфармацыі, яны адціскалі не лепшую нерухомасць і не самымі сумленнымі спосабам, пакуль у 2009 годзе не ў Маскву не пераехаў былы кіраўнік МУС Беларусі і экс-начальнік Службы Бяспекі прэзідэнта Уладзімір Навумаў.
Пасля яго з'яўлення бізнэс Хоціных пайшоў у гару. Іх праекты атрымлівалі крэдытаванне на самых выгадных умовах, скуплялі самыя прынадныя аб'екты Масквы коштам у сотні мільёнаў даляраў. Яны купілі некалькі нафтавых кампаній, набылі банк Югра (уваходзіў у топ-30 па РФ). Агульны кошт усіх актываў на піку ацэньваўся ў амаль мільярд даляраў.
Праўда, потым усё рэзка скончылася — у банку выявілі каласальную растрату ў сотні мільярдаў рублёў, Хоцін-малодшы быў узяты пад хатні арышт і не вылазіць з судоў. Падрабязна пачытаць можна тут.
Але ў чым быў сакрэт посьпеху бізнэс імпэрыі? Яны карысталіся заступніцтвам расійскіх топаў. У нулявых Хоціных рухала ўсемагутная Алена Батурына, жонка Лужкова. Затым падключыў свае кантакты Навумаў — ён быў прыяцелем Барыса Грызлова, з кім пазнаёміўся на таварыскім матчы па футболе, і знаёмым Хоціна-старэйшага.
Паводле інфармацыі Форбс, менавіта Грызлоў пераконваў найбуйнейшыя расійскія банкі выдаваць Хоціна рызыкоўныя крэдыты. Сярод іх быў і Рассельгасбанк, якім кіраваў сын Патрушава Дзмітрый. І хутчэй за ўсё, менавіта высокія заступнікі дапамаглі Хоціну-малодшаму не патрапіць у турму, нягледзячы на суму шкоды з залімітавай колькасцю нулёў.
І тут ёсць скрыжаванне, дзе матэрыялы крыніц адрозніваюцца. (Далей здагадкі і спекуляцыі).
Адны крыніцы сцвярджаюць, што бізнэс Хоціных нібыта насамрэч з’яўляўся бізнэсам клана Лукашэнкі. Хоцін-старэйшы ў 90-ых уваходзіў у блізкае кола маладога Лукашэнкі, а з пераездам у Маскву дапамагаў на той момант кіраўнік Упраўлення справамі прэзідэнта Ціцянкоў. На карысць гэтай жа версіі сведчыць і заступніцтва Батурынай-Лужкова, у каго былі добрыя асабістыя кантакты з Лукашэнкам.
З іншага боку, Навумаў з'ехаў у Маскву пасля канфлікту з Віктарам Лукашэнкам, адначасова прыхапіўшы масу кампрамату на Лукашэнку-старэйшага. Гэта забяспечыла яму доступ да верхавіны расійскага сілавога блока. Слаба ўяўляю, як Лука дазволіў бы пасля такога карміцца са свайго бізнэсу, але ў пытаннях улады і вялікіх грошай магчыма ўсё.
Ёсць вядома і трэцяя версія, дзе бізнэс Хоціных не быў непасрэдна звязаны з кланам Лукі, і прасоўваўся непасрэдна за кошт сувязяў, якія напрацоўваюцца Юрыем і Аляксеем Хоцінымі. А калі яны зусім страцілі пачуццё меры са сваім банкам-пыласосам, іх і прыкрылі.
Што тут з гэтага? З’яўленне Грызлова само па сабе з’яўляецца прыкметай, што расіяне ўзяліся за інтэграцыю сур’ёзна. А апроч гэтага, улічваючы яго гісторыю ўзаемадзеяння з «беларускай групай» (назавём яе так), у Лукі сапраўды будзе трывожны сігнал, што ён не адзіны беларус у іх арбіце.
Дарэчы, фрагменты прывезеных Навумавым матэрыялаў выходзілі ў адным тг-канале антылукашэнкаўскай групы, якая акапалася ў Маскве. І нешта мне падказвае, у хуткім часе іх шыфроўкі пачнуць папаўняцца свежым эксклюзівам.