In English:
Opinion. «Belarusian Order» on Lukashenka’s payback for Putin’s support
На русском языке:
Мнение. «Белорусский порядок» о расплате Лукашенко за поддержку, оказанную Путиным
Тэлеграм-канал «Беларускі парадак» апублікаваў пост, у якім аўтары разважаюць пра вымушаны нейтралітэт Лукашэнкі, каму рэжым пастаўляў зброю, і якая роля Беларусі ва ўкраінскім і сірыйскім канфліктах. Прыводзім меркаванне без зменаў.
Ніколі такога не было, і вось зноў. Лука адмыкаецца, ніхто ніякіх войскаў нікуды не збіраўся адпраўляць, а міжурадавае пагадненне, афіцыйна апублікаванае ў РФ, датычыцца толькі медыкаў. Хаця там выразна напісана «воінскі кантынгент». А Bypol яшчэ год таму паведамляў аб наборы вайскоўцаў для адпраўкі ў Сірыю.
Але сутнасць не ў чарговай хлусні. Дзеду час расплачвацца за падтрымку, аказаную Пуціным у 2020 годзе. Адной з прэтэнзій Крамля да Лукі было яго нежаданне ўвязвацца ў расійскія авантуры па ўсім свеце. Не ад вялікай міралюбнасці, вядома ж. Проста нейтралітэт яму быў больш выгадны, таму што дазваляў гандляваць з усімі бакамі канфлікту. Такое ён рабіў неаднаразова, і ва Украіне, і ў Сірыі. Тут будзе невялікая цікавая гісторыя.
У разгар вайны ў Сірыі Лукашэнка дэманстраваў усялякую падтрымку свайму арабскаму брату па розуме. Рэжым Асада закупляў металапракат, МАЗы (яны вельмі папулярныя ў гэтай краіне). Актыўна працаваў «Белзнешпрамсэрвіс», вядомы экспарцёр зброі.
Паралельна з гэтым Беларусь прадавала зброю ў Сірыю праз Балгарыю на дзясяткі мільёнаў еўра. Нюанс у тым, што канчатковым атрымальнікам былі сірыйскія інсургенты, якія ваявалі і супраць Асада, і супраць ІДІЛ. Яшчэ цікавей, што асноўнай наменклатурай былі ПТУРы, як пускавыя ўстаноўкі, так і ракеты. У ІДІЛа танкаў практычна не было. Дык супраць каго можна было прымяняць такую зброю? У асноўным, супраць войскаў Асада і расейскага войска. Такі сабе саюзнічак, вядома.
Паралельна адбываецца яшчэ адзін эпізод. У той жа перыяд ідзе ўзброены канфлікт Украіны і Расіі. Украінскія танкі ездзяць на беларускім дызельным паліве, што выклікае наймацнейшае здзіўленне ў расійскіх патрыётаў. На ўсю моц ішоў экспарт тавараў і тэхнікі падвойнага прызначэння, украінская армія адчувае востры дэфіцыт тэхнікі.
З ніадкуль узнікае прадпрыемства «Украінская бронетэхніка», чыя юрыдычная асоба раней вырабляла пластыкавыя тазікі. І ў канцы 2015 выкочвае гатовы бранявік Варта, які павінен пайсці на ўзбраенне Нацгвардыі. Авакаў і Ко заяўляюць, што апарат створаны «пры ўдзеле» беларускіх інжынераў. Як мінімум, выкарыстоўвае мазаўскае шасі і расійскі рухавік. З гэтым цудам тэхнікі будзе яшчэ нямала скандалаў, але да нашай гісторыі дачынення не мае.
Рэальная ступень удзелу беларусаў ва ўкраінскім праекце старанна хаваецца. Але ў 2019 годзе, ужо ў складзе сіл Асада, выяўляюцца вельмі падобныя машыны, толькі пад нікому не вядомым брэндам SAV. Расійскія прапагандысты адразу накідваюцца на ўкраінцаў, маўляў гэта яны прадалі крываваму рэжыму, хаця самі за дэмакратыю. Тыя, у сваю чаргу, абвінавачваюць маскалёў, што яны спецыяльна падрабілі бранявік, каб ачарніць Украіну, якая з дыктатарамі не гандлюе. З ветлівасці не буду нагадваць пра 1,7 млрд $ экспарту беларускіх нафтапрадуктаў, але Украіна тут сапраўды ні пры чым — яны зрывалі ўсе тэрміны па сваіх кантрактах. Куды ўжо ім рабіць левак для такога таксічнага замоўцы.
Па больш дэталёвых фота відаць, што бранявік канструкцыйна паўтарае серыйную Варту. Успамінаем, што МАЗы масава экспартуюцца ў Сірыю. І знаходзім, што ў 2017 годзе Башар Асад заявіў АНТ, што рыхтуецца першая партыя запчастак, якая прыйдзе для зборачнай вытворчасці ў Сірыі. І далей пра гэта — у адкрытых крыніцах ні гуку.
Падагульняючы сказанае, складваецца адчуванне, што гэта насамрэч беларускі праект, які спачатку ўпарылі ўкраінцам, а потым сірыйцам. Для вытворчасці бронемашыны што там, што там патрабуюцца беларускія камплектуючыя, што забяспечвае стабільны профіт.
Мараль? Маралі не будзе. У нашай рэальнасці яна забілася кудысьці ў далёкі кут, дзе і памерла, забытая і непатрэбная.