На русском языке:
Мнение. Дарья Чехова о реальной ситуации с COVID-19 в одной из больниц Минска
Былы тэрапеўт 10-й мінскай бальніцы Дар’я Чэхава, якая вядзе папулярны twitter-акаўнт «Плоткіна», распавяла, якая рэальная сітуацыя з COVID-19 у адной з мінскіх бальніц. Прыводзім словы Дар’і без зменаў.
Коратка пра сітуацыю з каранавірусам: у шпіталі, дзе я працавала, адкрылі яшчэ адно аддзяленне рэанімацыі.
Мае калегі цяпер працуюць у нейкім бясконцым кавідным пекле. Вялізныя чэргі ў паліклініках, раптоўныя смерці на фоне скаргаў на ліхаманку і дыхавіцу, недахоп кіслароду, перапоўненыя рэанімацыі (у тым ліку і з пацыентамі да 30 гадоў) і высокія паказчыкі смяротнасці.
І справа не ў тым, што медыцына нібыта «не тая» – ва ўсіх краінах зараз хапае праблем. Проста хворых занадта шмат. Фізічна немагчыма забяспечыць усіх кіслародам або апаратамі ШВЛ. Таму лекарам часам даводзіцца «гуляць у бога» і выбіраць тых пацыентаў, каго будуць «цягнуць».
Гэта страшна, але такая рэальнасць. Мае равеснікі вымушаныя прымаць найскладанейшыя рашэнні, і я бачу, як яны павольна выгараюць. Так, нас вучылі, што ў медыцыне бывае няпроста, але жыццё неяк не рыхтавала да таго, што ты пастаянна будзеш кагосьці хаваць.
Але ці робяць нешта самі пацыенты, каб засцерагчы сябе?
На жаль, але не. 99% рэанімацыйных пацыентаў не былі вакцынаваныя. Добраахвотна насіць маскі ў грамадскіх месцах таксама ніхто не хоча. І ўсім падаецца: «Мяне гэта не закране», але потым усё ж кранае.
Я хачу данесці факт сур’ёзнасці сітуацыі. Зрабіце вакцыну, адказней ставіцеся да свайго здароўя і здароўя навакольных – зрабіце хоць нешта, што ад вас залежыць, каб знізіць рызыкі захворвання і смяротнасці.
Сістэма аховы здароўя можа рэальна не выцягнуць. Беражыце сябе.