На русском языке:
Мнение. «Христианское видение» о реакции церквей на трагедию на улице Якубовского
Тэлеграм-канал «Хрысціянская візія» апублікаваў пост, дзе апісвае, як адрэагавалі беларускія цэрквы на перастрэлку на вуліцы Якубоўскага ў выніку якой загінулі супрацоўнік EPAM Systems Андрэй Зэльцэр і супрацоўнік КДБ — Дзмітрый Федасюк.
Прыводзім іх словы без зменаў.
Тыдзень таму ў Мінску адбылася перастрэлка, у якой загінулі праграміст Андрэй Зэльцэр і супрацоўнік КДБ Зміцер Федасюк. Гэтая трагедыя стала чарговай траўмай для беларускага грамадства. Нават каментаваць яе ў цяперашніх умовах аказалася небяспечна. Асэнсаванне гэтай падзеі ўскладняецца тым, што мы дагэтуль вельмі мала ведаем, што менавіта адбылося ў кватэры на вуліцы Якубоўскага 28 верасня.
Рэакцыя цэркваў на гэтую трагедыю была мінімальная. Паводле Sputnik, 1 кастрычніка ў мінскім храме Усіх святых адбылося адпяванне Змітра Федасюка, але фотаздымкаў з гэтай службы партал не публікуе, а на сайце храма навінаў пра гэтую падзею няма. Пра адну незвычайную сітуацыю паведамляе гомельскі партал Флагшток — у адным з праваслаўных прыходаў Светлагорска прайшла ліція «за загінулага воіна Дзмітрыя», на якую сабралася нешматлікая група мясцовых чыноўнікаў і сілавікоў. Падаецца, што гэтая падзея была выключна мясцовай ініцыятывай — пра падобныя малітвы ў іншых месцах нічога не вядома.
Таксама трагедыю пракаментавалі ксёндз Вячаслаў Барок і тэлеграм-канал «Каталіцкае Адраджэнне». Паводле ксяндза Барка, «Апакаліптычны звер, якім уяўляецца рэжым беззаконнай палітычнай улады, як бачым, не шкадуе нікога» і «ўсе беларусы, не залежна ад нашых поглядаў, а нават ад адсутнасці такіх, з’яўляюцца закладнікамі краважэрнага рэжыму». Ананімныя аўтары «Каталіцкага Адраджэння» каментуюць [сітуацыю — рэд.] наступным чынам: «Яны абодва і Андрэй Зэльцэр, і загінулы супрацоўнік КДБ Зміцер Федасюк — ахвяры рэжыму лукашэску. Мы ўжо неаднаразова падкраслялі, што наша адзінае выйсце — хрысціянская міласэрнасць».