Меркаванне. Шрайбман тлумачыць, ці варта падымаць паніку праз дэкрэт аб інтэграцыі

svаboda.org
3 хв.

На русском языке: Мнение. Шрайбман о том, стоит ли поднимать панику из-за декрета об интеграции

Учора Лукашэнка падпісаў дэкрэт аб рэалізацыі палажэнняў дамовы Саюзнай дзяржавы. Ці значыць гэта, што інтэграцыя пойдзе поўным ходам? Беларускі палітычны аналітык Арцём Шрайбман прапануе не панікаваць і называе тое, што здарылася «масажам крамлёўскіх эрагенных зон».

Прыводзім пост з яго тэлеграм-канала без зменаў.

Алармісты заўсёды знойдуць нагоду для панікі, таму няма сэнсу ў сто трэці раз паглыбляцца ў тое, што падпісаныя дакументы а) далёкія ад версіі 2019 года з палітычнай інтэграцыяй, б) зацягнутыя па тэрмінах і дэ-юрэ не прывязаныя да канкрэтных пугаў і пернікаў, в) размытыя ў фармулёўках (гарманізацыя, агульныя падыходы, збліжэнне), гэта значыць іх можна тлумачыць па-рознаму і гадамі бадацца за гэтыя трактоўкі.

У рэшце рэшт, у нас больш за 20 гадоў падпісаны і ўступіў у сілу дагавор аб адзінай валюце, парламенце, канстытуцыі і нават сімволіцы, а мы не можам нават роўмінг канчаткова адмяніць.

Тое самае тычыцца падпісанай саюзнай ваеннай дактрыны і канцэпцыі міграцыйнай палітыкі. Гэта дэкларацыі, якія, у адрозненне ад размешчаных пад Гроднам вучэбна-баявога цэнтра і С-400, не маюць прамых наступстваў і прымаюцца хутчэй для помпы.

Не прагучалі ніякія дэталі новай расейскай падтрымкі. Яна ў невялікім памеры (0,6 млрд крэдытаў на паўтара года) была абяцана два месяцы таму, і мабыць увязана з выкананнем саюзных праграм.

Каб падкрэсліць, што Мінск і так багата кормяць, Пуцін зноў прывёў свае ўжо фірмовыя разлікі энергасубсідый, якія Расія дае Беларусі. Дрэннае тое вяселле, якое не пачынаецца з высвятленняў, хто больш скінуўся.

Але фіналізацыя дарожных карт сімвалічна важная. Бакі сваімі рукамі панізілі планку амбіцый саюзнага будаўніцтва, вывеўшы тэмы накшталт адзінай валюты ў неаглядную будучыню.

Тое, што Лукашэнка яшчэ на крок наблізіўся да прызнання Крыма расійскім (павіншаваўшы крымчан з днём расійскага народнага адзінства) і папрасіў туды яго звазіць, азначае, што Мінск зноў вырашыў замест дзеянняў налягаць на рыторыку, масаж крамлёўскіх эрагенных зон.

Звычайна Лукашэнка робіць так, калі не гатовы прапанаваць рэальныя саступкі. Цікава, што будзе, калі Пуцін сур’ёзна запросіць і, напрыклад, публічна. Даваць заднюю? Салаўёвы-Кісялёвы знішчаць у той жа вечар у сваіх шоу. Ехаць – рызыкнуць мільярднымі продажамі паліва ва Украіну.

«Эпахальнасць» моманту з пункту гледжання Расіі падкрэсліваецца тым фактам, што па сутнасці Пуцін адышоў са свята ў Крыме на зум-кол з Мінскам.

Хаця, калі б дакументы сапраўды мелі на ўвазе прарыўную інтэграцыю, Крамлю складана было б прыдумаць больш моцны сімвалічны жэст, чым вочна і ўрачыста падпісаць іх у расійскі дзень народнага адзінства – хоць у Севастопалі, хоць у Брэсце, хоць у тайзе.

P.S. Цікавы сюжэт – з прызнаннем Крыма «дэ-факта і дэ-юрэ расійскім», якое зрабіў дэпутат Савіных ад імя ўсёй Беларусі. Дэпутат і экс-амбасадар, здаецца, даўно хоча ўзначаліць МЗС, робячы знешнепалітычныя заявы насуперак лініі Макея. Ён ужо даўно прапанаваў адмовіцца ад шматвектарнасці, дарэчы.

Мабыць, разлік на тое, што прарасійскі вецер рана ці позна знясе Макея, і ў новай, больш данецкай Беларусі, патрэбен будзе менавіта такі міністр як Андрэй Уладзіміравіч.

Пралік дэпутата не ў тым, што ён складае ўсе яйкі ў адзін кош, а ў тым, што ў чарговы раз дазваляе сабе палітычныя амбіцыі ўслых. Гэта не тая якасць, якую Лукашэнка шануе ў людзях. Але можа быць, адрасат сігналаў Савіных не ў Мінску, а ў Крамлі, тыпу «заўважце мяне на будучыню». Калі так, то гэта яшчэ смялей. Так бы мовіць, усё на зэро.

Папярэдні матэрыял
Меркаванне. Аляксандр Шлык пра рэферэндум
Наступны матэрыял
Меркаванне. «Беларускі парадак» пра інфармацыйны хаос у тэлеграм-асяроддзі

Iншыя матэрыялы