In English:
Opinion. Yahor Lebiadok on Belarus as an escalation zone between the West, Ukraine and Russia
На русском языке:
Мнение. Егор Лебедок о Беларуси как зоне эскалации между Западом, Украиной и Россией
Аглядальнік Ягор Лебядок у сваім тэлеграм-канале напісаў пост пра тое, як абвастрэнне сітуацыі на мяжы Беларусі можа ператварыць краіну з «донара бяспекі» ў зону пастаяннай эскалацыі паміж Захадам, Украінай і Расіяй. Прыводзім яго словы без зменаў.
За ўвесь перыяд крызісу з мігрантамі на беларускай мяжы дапамога НАТА Польшчы, Літве і Латвіі заключалася толькі ў адпраўцы ў Літву невялікай спецыяльнай групы па супрацьдзеянні гібрыдным пагрозам (не салдат узброеных, а аналітыкаў і г.д.), а таксама ў выказванні занепакоенасці. Менавіта такім, адкрыта нязначным падыходам незадаволены прэм’ер Польшчы Маравецкі, які жадае ініцыяваць арт. 4 Дамовы НАТА: «паколькі ўжо недастаткова толькі, каб мы публічна выказвалі сваю занепакоенасць. Цяпер патрэбны ўжо канкрэтныя крокі і ўмяшальніцтва ўсяго Альянсу». Артыкул 4 Дагавора НАТА абвяшчае, што «дагаворныя бакі заўсёды будуць кансультавацца адно з адным у выпадку, калі, на думку якога-небудзь з іх, тэрытарыяльная цэласнасць, палітычная незалежнасць або бяспека якога-небудзь з Дагаворных Бакоў апынуцца пад пагрозай». Фактычна гэта спроба Польшчы, а таксама Літвы і Латвіі вывесці дыялог з краінамі НАТА на новы, больш значны і прадметны ўзровень.
Аднак, мяркую, што на бліжэйшы час канфлікт будзе вырашацца ў палітычным полі па лініі ЕС як гуманітарны, а не як вайсковы ці «гібрыдны». Гэта значыць без задзейнічання НАТА, ва ўсякім разе – не на сур’ёзным узроўні ці не цяпер.
Калісьці Лукашэнка спрабаваў падаваць Беларусь як донара бяспекі. Цяпер ён ператварыў яе ў крыніцу небяспекі. Спроба прымусіць ЕС да дыялогу і прызнання ягонай улады ў Беларусі цяпер можа мець іншы эфект. Слабая дапамога НАТА і не заўсёды адэкватны адказ з боку ЕС на бягучы крызіс стымулявалі неабходнасць самастойнага пазаблокавага нарошчвання абаронных мер у краінах, якія мяжуюць з Беларуссю. Польшча перамясціла да нашых меж войска, Латвія праводзіць вучэнні і рыхтуе сілы, Літва не асабліва аслабляла ўзмацненне, Украіна прымае меры па забеспячэнні памежнай бяспекі, падцягвае войскі і ўзмацняе тэрытарыяльную абарону, а эстонцы рыхтуюць меры супрацьдзеяння аналагічнаму крызісу на мяжы з Расіяй.
Паколькі за «спінай» Беларусі стаіць Расія, то краіны Балтыі і Польшча разумеюць, што для гарантавання іх бяспекі адзіночных захадаў можа не хапіць. І ў святле слабой аператыўнасці НАТА наступны лагічны крок – кансалідацыя і ваеннае супрацоўніцтва паміж краінамі Балтыі, Польшчы і Украіны. Наўрад ці гэты фактар улічваўся ў палітыцы эскалацыі для прымусу ЕС да дыялогу, паколькі дзеянні гэтых краін прадыктаваныя воляй урадаў дзяржаў, зыходзячы з мэты хуткага забеспячэння бяспекі сваёй краіны, па-за агульнай палітыкай ЕС і еўрапейскай бюракратыі. Г.зн. нават дыялог Лукашэнкі з ЕС не факт, што спыніць узмацненне мер абароны ў гэтых краінах і цікавасць да кансалідаваных дзеянняў у сферы бяспекі (г.зн. ствараюцца добрыя перадумовы да фарміравання Балта-чарнаморскага ваеннага саюза, без Беларусі, вядома)
Такім чынам, Беларусь атрымлівае ўзмацненне вайсковай прысутнасці з усіх бакоў. Гэта будзе стымуляваць мысленне Лукашэнкі, яго прыхільнікаў пры ўладзе і рыторыку беларускай прапаганды ў духу варожасці Захаду і планаў па захопе Беларусі, а таксама прымушаць іх да нейкіх мер у адказ (і далей па коле). Рэсурсаў для апошняга ў Лукашэнкі няшмат: перакрываць газ, перанакіроўваць таварапатокі і перакрываць транспартны калідор не надта атрымаецца, бо гэта ўцягне ў канфлікт трэція краіны. Таму адказам могуць стаць альбо серыя адносна малых інцыдэнтаў (перш за ўсё прамалінейных сілавых, уключаючы своеасаблівае прымяненне нормаў міжнароднага права і заканадаўства), альбо ўзмацненне расійскага ваеннага складніка на тэрыторыі Беларусі, што мы і назіраем. Тым самым Беларусь з «донара бяспекі» можа ператварыцца ў зону пастаянна ўзнікаючай эскалацыі паміж Захадам, Украінай і Расіяй, прычым гэта будзе выкарыстоўвацца па-за інтарэсамі Беларусі і нават самога Лукашэнкі.