In English:
Opinion. Yahor Lebiadok on Lukashenka’s image
На русском языке:
Мнение. Егор Лебедок об имидже Лукашенко
Аглядальнік Ягор Лебядок апублікаваў пост на сваёй старонцы ў Facebook, у якім ён разважае пра тое, як прапаганда фармуе культ асобы Лукашэнкі, а таксама да чаго прывядзе «напампоўванне» беларускага грамадства. Прыводзім яго словы без зменаў.
Перафразуючы вядомае выказванне: усе грамадзяне роўныя, але ёсць нязначна роўныя.
З навіны БелТА: «Падчас рэферэндуму па ўнясенні зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю выбарчыя ўчасткі за мяжой адкрываць не плануецца…. Традыцыйна доля тых, хто галасуе за мяжой, — менш за 1%». Логіка норм: падумаеш, усяго каля 90 тыс беларусаў, чаго дзеля іх затлумляцца? Роўнасць грамадзян у нас усё больш нагадвае вядомы твор Оруэла.
Сёння адзін прапагандыст задаўся «чацвёртым» пытаннем: «ці вартыя мы такога лідара, як Аляксандр Лукашэнка»? Ну калі ён пад «мы» разумеў каманду прапагандыстаў і адэптаў, то добра. А калі народ (што хутчэй за ўсё, таму як высветлілася з яго гаворкі, народу трэба дзякаваць богу за 1994 год), то рэкамендую чытачам пагугліць у якой краіне і калі падобныя словы гучалі ў адносінах да «лідара» і народа, які аказаўся нявартым і можа памерці.
Не лянуйцеся, пагугліце, бо гэты год — год гістарычнай памяці. І яна нам патрэбна зараз усё больш!
Ну і цяпер усё больш бачная спроба аднавіць вобраз А. Лукашэнкі як небажыцеля, а не шараговага чыноўніка. Вобраз яго быў скінуты ў 2020 годзе нават сярод адэптаў (і «сыходзь» у твар на МЗКЦ, і аб смерці загаварыў, і іншыя яго ж заявы і дзеянні). З пачатку 2021 года фармавалі проста імідж «захаваў краіну» і маўляў давайце перавернем старонку.
У апошні час пераход на культ асобы: заявы ваенных у кожным з якіх згадка, пераход ад дастатковасці непраціўлення да поўнай лаяльнасці, якая ўпіраецца ўсяго толькі ў асобу, «мерч першага» і г.д. А адсутнасць міжнароднага прызнання і кантактаў, пераход знешняй ваенна-палітычнай самастойнасці пад патранаж РФ, відавочны нават вертыкалі ўлады, будуць стымуляваць яшчэ большую накачку вобразу, які ратуе ад пагроз, якія фарміруюць усе навокал – таму, маўляў, і няма кантактаў міжнародных, а таксама як асобы, ад якой залежыць усё шчасце беларусаў і іншага быць не можа ў прынцыпе.
Да масавага афіцыёзу з мітынгамі з партрэтамі як пры Сосо Джугашвілі хутчэй за ўсё не дойдзе — праблема і набраць такія мітынгі, і ўжо занадта відавочна стане, куды коцімся (хаця не здзіўлюся, калі да лета гэта будзе), але замбаваць будуць — ва ўстановах адукацыі, розных арганізацыях ды і ТБ, вядома.