Рэдакцыі Motolko.help паведамілі магчымы маршрут мігрантаў у Мінску. Пішуць, што іх знаходжанне ў беларускай сталіцы складаецца як мінімум з 3-х лакацый. Аўтобусамі іх прывозяць на пляцоўку каля КЗ «Мінск» адкуль яны пешшу ідуць да гасцініцы Willing Hotel Minsk на вул. Леніна, 50.
Ад гатэля асобы арабскай знешнасці выклікаюць таксі (да канца не ясна, яны зробяць выклік самастойна, або ім выклікаюць таксі цэнтралізавана). У машыну садзяцца па 4-5 чалавек з дзецьмі і едуць на вуліцу Купрэвіча.
Там знаходзіцца гасцініца Hotel IT Time (вул. Акадэміка Купрэвіча 4), куды машыны заязджаюць з тыльнага боку.
Па нашай інфармацыі каля гасцініцы іх сустракаюць «тэнтаваныя» газэлі, куды яны закідваюць увесь свой багаж. А самі мігранты садзяцца ў грамадзянскія машыны з беларускімі нумарамі. Іх суправаджалі людзі еўрапейскай знешнасці, якія размаўляюць з імі на арабскай мове і апранутыя ў паляўнічыя штаны з накладнымі кішэнямі і вайсковыя боты, верх — грамадзянскі.
У рэдакцыю Motolko.help прыходзіць вялікая колькасць сведчанняў і пацверджанняў, дзякуючы якім мы можам казаць пра дакладнасць адсочанага маршрута. Нам паведамляюць, што ў апошнія два тыдні на пляцоўцы каля гатэля IT Time і па вуліцы Купрэвіча гуляюць «натоўпы мігрантаў». Асобы арабскай знешнасці нейкі час пражываюць / ночаць у гатэлі IT Time, а жыхары заўважаюць, як яны ходзяць ва ўніверсам «Першамайскі» і «Белмаркет». Таксама пішуць, што ў гэтым гатэлі шмат рэчаў мігрантаў.
«Жывём непадалёк ад Купрэвіча. Неаднаразова на вуліцах вышэйзгаданыя асобы спынялі і на ламанай англійскай пыталіся, як і дзе можна выклікаць таксі, а таксама некаторыя пыталіся, дзе тут бліжэйшы «mobil shop». Як правіла, гэта вялікія сем'і з дзецьмі. Іх вельмі шмат шпацыруе, ходзяць па пакупкі з гасцініцы ва ўніверсам «Першамайскі», а таксама «Белмаркет» на Купрэвіча».
«Hotel IT Time. Туды прыбываюць пастаяльцы з Блізкага Усходу. Пастаяльцы пакідаюць у нумары рэчы, пашпарты, забіраюць коўдры і бясследна знікаюць, у сувязі з чым у гасцініцы сабралася вельмі шмат пакінутых рэчаў».
На Купрэвіча мігрантаў забірае таксі. Прыязджае 4-5 машын, у іх садзяцца 10-15 чалавек і ўсе разам з’язджаюць.
Асобна варта згадаць і пра паведамленні аб мігрантах у Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Пішуць, што для іх у MSQ вылучана асобная чарга на пашпартны кантроль. Па некаторай інфармацыі ім выдзелена асобнае акно, каб выдаць візу па прылёце ў РБ.
«Быў ноччу ў аэрапорце перад прылётам рэйса з Багдада. Мігрантаў чакаюць машыны на паркоўцы P2, бусік і красоверы. За рулём людзі еўрапейскай знешнасці, на пасажырскім [сядзенні — рэд.] па арабе»;
«Учора ў аэрапорце была куча арабаў, каля 21-22 з'ехалі на аўтобусах з нулявым рэгіёнам у суправаджэнні людзей у вопратцы ахоўных колераў».
Мігранты таксама былі заўважаныя:
- Ля ўваходу ў гасцініцу Еast Time за АЗС Лукойл на 2-ім роварным завулку
- У гасцініцы «Агат» на вул. Карбышава 25
Нагадаем, у Літве, Латвіі і Польшчы працягваецца эміграцыйны крызіс. Афіцыйныя Вільня, Рыга і Варшава лічаць, што беларускія ўлады штучна арганізавалі паток бежанцаў з Блізкага Усходу і называюць гэта гібрыднай агрэсіяй. Беларускія ўлады адмаўляюць сваё дачыненне, аднак паток нелегальнай эміграцыі ў еўрапейскія краіны шматкроць вырас менавіта на фоне пагаршэння стасункаў Беларусі з ЕС у цэлым і Літвой у прыватнасці.
Да таго ж, Лукашэнка сам не раз прагаворваўся. У першы раз — у канцы мая, пасля рэзкай рэакцыі міжнароднай супольнасці на пасадку пасажырскага самалёта Ryanair і захоп журналіста Рамана Пратасевіча. Тады ў Беларусь адмянілі многія міжнародныя рэйсы, а транзітныя пачалі аблятаць яе па перыметры.
У адказ Лукашэнка заявіў, што не будзе кантраляваць мяжу з Еўрасаюзам: «Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — цяпер будзеце самі іх лавіць».
Затым у чэрвені, у дзень 80-годдзя з пачатку Вялікай Айчыннай вайны, сказаў, што ў Беларусі няма грошай на кантроль мяжы з ЕС: «У Літву, Латвію і Польшчу рынуліся тысячы і тысячы нелегальных мігрантаў. Яны патрабуюць ад нас абараніць іх ад кантрабанды , ад наркотыкаў. Аж з-за Атлантыкі чутны сігнал: «Дапамажыце, як гэта было раней, затрымаеце ядзерныя матэрыялы, каб яны не трапілі ў Еўропу». Што, мы будзем марнаваць сотні мільёнаў даляраў у год, як і раней, на абарону вашых геапалітычных інтарэсаў?».