In English:
Migrants told Reuters they were beaten by Belarusian security forces and not allowed going back
На русском языке:
Мигранты рассказали Reuters, как их били беларусские силовики и не пускали обратно
Мігранты расказалі Reuters, што трапілі ў пастку паміж польскім і беларускім пагранпераходамі. Пакуль палякі не пускаюць іх на тэрыторыю Польшчы, беларускія памежнікі не дазваляюць вярнуцца ў Беларусь, транзітам праз якую яны прыбылі.
Юсэф Аталах баяўся, што памрэ ў лесе на мяжы з Польшчай, застаўшыся без ежы і вады на марозе. Па словах мігранта, пры спробе вярнуцца ў Беларусь на яго напаў беларускі сілавік, і з-за атрыманых траўмаў ён не мог дыхаць носам. Цяпер Юсеў знаходзіцца ў міграцыйным цэнтры ў Беластоку. Ён аказаўся адным з мігрантаў, заблакаваных у памежнай зоне беларускімі сілавікамі, якія раней дапамагалі мігрантам трапіць у Польшчу.
«Мы сказалі ім, што хочам вярнуцца ў Мінск, мы не жадаем працягваць гэтую паездку. Яны сказалі нам, што вам не вярнуцца ў Мінск. Проста едзьце ў Польшчу», – кажа Аталах.
Мігрант з Афганістана, які адмовіўся называць сваё імя, таксама распавёў Reuters пра свой досвед «жыцця» паміж Беларуссю і Польшчай, калі ён не мог павярнуць назад і адзіным выхадам было паспрабаваць зноў перасекчы мяжу з дапамогай беларускіх спецслужбаў.
«Самі беларускія салдаты прымушаюць і дапамагаюць мігрантам перасекчы мяжу», – сказаў ён.
Па словах афганца, беларускія сілавікі сказалі яму, што гэта загад ад дзяржавы.
Афганец, які ўцёк са сваёй радзімы пасля прыходу да ўлады ісламісцкіх баевікоў Талібана ў жніўні, апісаў, як кожную ноч беларускія вайскоўцы прыходзілі, забіралі групу з 30-40 мігрантаў з лагераў і штурхалі іх да мяжы.
«Яны глядзяць на мяжу і, калі там нікога няма, даюць балтарэз і прымушаюць прарэзаць плот з калючага дроту», – сказаў ён.
Нягледзячы на гэтае выпрабаванне, афганскі мігрант з аптымізмам глядзіць у будучыню, перабраўшыся на тэрыторыю ЕС.
«Цяпер я адчуваю сябе ў большай бяспецы. Я ўпэўнены, што пабудую тут добрую кар'еру і мой сын атрымае добрую адукацыю — яго будучыня будзе бяспечнай».
29-гадовы Тхэр Рэзк, мігрант з Сірыі, сказаў, што беларускія ахоўнікі часам прараблялі дзіркі ў агароджы, каб дапамагчы мігрантам трапіць у Польшчу ці Літву, а значыць, і ў Еўрапейскі Саюз.
Нагадаем, вось ужо чацвёрты дзень сама меней тысяча мігрантаў знаходзіцца ў прыгранічнай зоне паміж Беларуссю і Польшчай. Туды іх у панядзелак прывялі ўзброеныя беларускія сілавікі і не пусцілі на афіцыйны памежны пераход, праз які можна было легальна трапіць у Польшчу.
Мігранты разбілі намётавы лагер ля мяжы з Польшчай. Яны жадаюць трапіць туды для далейшага транзіту ў Германію. То штурмуюць мяжу, то выбачаюцца за гэта. Асаблівага выбару ў мігрантаў ужо няма: беларускія сілавікі не пускаюць іх назад, пачынаючы стральбу і ўжываючы сілу.
У ЕС лічаць, што беларускія ўлады штучна арганізавалі паток бежанцаў з Блізкага Усходу і называюць гэта гібрыднай агрэсіяй, закліканай пасеяць хаос на ўсходнім флангу блока НАТА.