In English:
«Nashy Groshy»: The Union State spends money on the army, officials, police and pro-governmental media
На русском языке:
«Нашы грошы»: Союзное государство тратит деньги на армию, чиновников, милицию и провластные СМИ
Тэлеграм-канал «Нашы грошы» апублікаваў пост, дзе разглядае структуру расходаў бюджэту саюзнай дзяржавы на 2021 год. Публікуем пост без зменаў.
Вакол канцэпта Саюзнай дзяржавы ў апошні час ламаецца нямала дзід. Вядома, найперш гэта палітычны праект, але, як усё палітычнае, ён мае пад сабой цалкам зразумелую эканамічную аснову, якую можна палічыць.
Саюзная дзяржава мае бюджэт, які паспяхова асвойваецца. У 2021 годзе ён склаў 160,9 мільёна беларускіх рублёў. Даходы гэтага бюджэту — штогадовыя адлічэнні ад Беларусі (35%) і Расіі (65%).
Куды ідуць грошы? Насамрэч — гэта вельмі важны паказчык, які адлюстроўвае прыярытэты, якія ставяць перад сабой дзве краіны. Калі ў вас шмат часу, можна пачытаць вялікі артыкул у снежаньскім нумары часопіса Міністэрства фінансаў пра асаблівасці размеркавання сродкаў у Саюзнай дзяржаве, дзе падрабязна апісваецца, куды сыходзяць саюзныя грошы. Мы зберажэм ваш час і звернем увагу толькі на важную цытату ў гэтай публікацыі: «Большасць праектаў рэалізуецца ў стратэгічна-важных навукаёмістых і высокатэхналагічных галінах».
Гучыць самавіта! Давайце паспрабуем разабрацца, што гэта за галіны такія, тым больш, што інфармацыя ёсць у адкрытым доступе.
Ілюстрацыя: тэлеграм-канал «Нашы грошы»
Калі паглядзець на размеркаванне расходаў саюзнага бюджэту ў 2021 годзе, вы са здзіўленнем убачыце, што самымі навукаёмістымі і высокатэхналагічнымі галінамі аказаліся «праваахоўная дзейнасць і бяспека» на якую выдзяляецца 48 млн рублёў (каля 30% ад агульнай сумы) і СМІ — 29,2 млн рублёў ці 18% ад агульнага бюджэту.
Далейшыя прыярытэты размеркаваліся наступным чынам: «органы саюзнай дзяржавы» — 25,8 млн рублёў, або 16% ад агульнай сумы, «фундаментальныя даследаванні» — 20,4 млн рублёў або 13% ад агульнага бюджэту, «папярэджанне і ліквідацыя надзвычайнага здарэння» — 14 ,4 млн ці 9%, «вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва» — 9,4 млн рублёў ці 6%.
Шляхам нескладаных падлікаў, мы можам зрабіць выснову, што 70% бюджэту ідзе на войска, чыноўнікаў, міліцыю і праўладныя СМІ.
А як жа навука і інавацыі? Як мы бачым, больш за ўсё пашанцавала «фундаментальным даследаванням», усе астатнія артыкулы выдаткаў выглядаюць зусім нязначна. Адукацыя — 2,9 млн або 2%, транспарт, інфарматыка і сувязь — 3,4 млн або 2%, мастацтва, культура, кіно — 2,4 млн або 1%.
Прычым, калі мы паглядзім дадзеныя ў дынаміцы, то ўбачым, як прыярытэты мяняліся. Так, напрыклад, праваахоўная дзейнасць у 2017 годзе «з’ядала» толькі 7% саюзнага бюджэту, ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва 0,5%, выдаткі на чыноўнікаў займалі 13%. Затое раней каля 20% бюджэту займала прамысловасць — сёння яна наогул знікла з артыкулаў выдаткаў. Культура ў найлепшыя гады магла прэтэндаваць на 4%.
Вось вам і рэальныя прыярытэты супрацоўніцтва дзвюх мірных дзяржаў «для народа». Ніхто іх не хавае.