На русском языке:
5 января начнут «судить» лауреата Нобелевской премии мира Алеся Беляцкага и других правозащитников «Весны»
«Вясна» паведамляе, што заўтра, 5 студзеня, у судзе Ленінскага раёна Менска пачнецца так званы суд над праваабаронцам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім, Валянцінам Стэфановічам, Уладзімірам Лабковічам і Зміцерам Салаўёвым. Праваабаронцам пагражае ад 7 да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі / «Вясна»
Алесь Бяляцкі – палітвязень, стваральнік праваабарончай арганізацыі «Вясна». У канцы 1980-х – пачатку 1990-х ён быў адным з лідараў нацыянальнага руху ў Беларусі, у 1991-1996 быў дэпутатам Мінскага гарадскога савета дэпутатаў. Пасля гэтага сканцэнтраваўся на праваабарончай дзейнасці.
У 2011-2014 ён быў за кратамі па сфабрыкаванай справе. У 2021 годзе зноў быў затрыманы і прызнаны палітычным вязнем. У 2022 годзе Алесь Бяляцкі разам з расейскім цэнтрам «Мемарыял» і ўкраінскай арганізацыяй «Цэнтр грамадзянскіх свабодаў» атрымаў Нобелеўскую прэмію міру. На ўручэнне прыехала ягоная жонка Наталля Пінчук.
Валянцін Стэфановіч
Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч / «Вясна»
Валянцін Стэфановіч – сябра Рады «Вясны», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH). 27 кастрычніка 2022 года быў пераабраны віцэ-прэзідэнтам FIDH, нягледзячы на тое, што знаходзіцца ў турме з 14 ліпеня 2021 года, калі да яго прыйшлі з ператрусам.
Стэфановіч – адзін з самых вядомых экспертаў і аналітыкаў у сферы правоў чалавека, выступае за недыскрымінацыю і супраць смяротнага пакарання. Ён рэгулярна браў удзел у розных міжнародных канферэнцыях і паседжаннях, праваабарончых місіях і назіраннях за выбарамі ў краінах АБСЕ.
Уладзімір Лабковіч
Праваабаронца «Вясны» Уладзімір Лабковіч / «Вясна»
Уладзімір Лабковіч – юрыст «Вясны», каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Уладзімір займаецца праваабарончай дзейнасцю ў «Вясне» ўжо 23 гады. Далучыўся да працы праваабарончага цэнтру ў 1998 годзе як валанцёр, пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2001-м стаў паўнавартасным сябрам «Вясны».
Ён быў затрыманы разам з жонкай Нінай 14 ліпеня 2021 года пасля ператрусу ў іх кватэры. За час зняволення ва Уладзіміра значна пагоршылася здароўе, паведамляе «Вясна». Ён скардзіцца на частыя галаўныя болі і на бессань. Таксама ў яго вельмі сапсаваўся зрок. Уладзіміра дома чакае дачка і двое хлопчыкаў-двайнят. Ён вельмі хвалюецца, што дзеці растуць без яго.
Дзмітрый Салаўёў
Праваабаронца «Вясны» Дзмітрый Салаўёў / «Вясна»
Дзмітрый Салаўёў – праваабаронца і сябра Рады «Вясны». Ён быў затрыманы 1 сакавіка 2021. Да гэтага, 16 лютага 2021, да яго ўварваліся дадому супрацоўнікі АМАПа і ГУБАЗіКу, якія ўчынілі пагром (таксама мянуецца ператрусам) і скралі тэхніку (т.зв. «канфіскацыя»). Пры затрыманні і па дарозе ў ІЧУ яго збівалі.