Дзмітрый Баскаў не ўвайшоў у новы склад савета дырэктароў КХЛ на сезон 2021/2022, які быў абраны сёння на агульным сходзе ўдзельнікаў ТАА «КХЛ». Месца Баскава заняў генеральны дырэктар хакейнага клуба «Дынама-Мінск» Сяргей Сушко.
Раней стала вядома, што Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) дыскваліфікавала Баскава на 5 гадоў. Пасля чаго ён звольніўся з Федэрацыі хакея Беларусі.
Нагадаем, ініцыятыва BYPOL лічыць, што Дзмітрый Баскаў мае дачыненне да забойства Рамана Бандарэнкі на «Плошчы Перамен» у лістападзе 2020 года. Тады невядомыя ў масках схапілі Бандарэнку ў двары дома, дзе ён жыў, збілі, зацягнулі ў бус з таніраванымі вокнамі і даставілі ў РУУС. На наступны дзень Раман памёр у лякарні хуткай дапамогі. Паводле расследавання BYPOL, апублікаваных запісах тэлефонных размоў, білінгу званкоў і геалакацыі мабільных тэлефонаў, да інцыдэнту былі датычныя Дзмітрый Шакута, Дзмітрый Баскаў і прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант.
Крымінальная справа па факце смерці Рамана Бандарэнкі была распачатая толькі ў лютым 2021 года. Хто праходзіць падазраваным па справе — да гэтага часу не паведамлялася.