Belavia вярнула шэсць сваіх самалётаў лізінгадаўцу

JetPhotos
5 хв.

In English: Belavia has returned six of its aircraft to the lessor
На русском языке: Belavia вернула шесть своих самолётов лизингодателям

26 кастрычніка мы пісалі, што «Белавія» адправіла ў сталіцу Казахстана — Нур-Султан усе тры свае найноўшыя самалёты Embraer E195-E2 з рэгістрацыйнымі нумарамі EW-555PO, EW-560PO і EW-56. Адзін з іх (EW-563PO) — у юбілейнай ліўрэі Belavia.

Тады мы меркавалі, што самалёты будуць перададзеныя (на ўмовах арэнды, ці поўнага продажу) казахстанскай авіякампаніі AirAstana, бо гэта адзіная авіякампанія ў Казахстане, дапушчаная да эксплуатацыі Embraer E2. Аднак гэтага не здарылася.

Тэлеграм-канал «АдВінта» паведамляе, што 17 снежня ўсе тры самалёты змянілі рэгістрацыю на ірландскую, былі перададзеныя лізінгадаўцу — кампаніі AerCap і адпраўленыя ў іспанскі аэрапорт Кастэльён-Коста Азаар на захоўванне.

Belavia вярнула шэсць сваіх самалётаў лізінгадаўцу

Новыя рэгістрацыйныя нумары самалётаў / skyliner-aviation.de

Цяпер самалёты атрымалі новыя рэгістрацыйныя нумары: EW-555POEI-GYV, EW-560POEI-GYX і EW-563POEI-GYW.

Акрамя таго, сёння стала вядома, што яшчэ тры Boeing 737-800 з рэгістрацыйнымі нумарамі EW-526PA, EW-438PA і EW-543PA, якія з лістапада знаходзіліся ў Турцыі, былі перададзеныя лізінгавым кампаніям.

Belavia вярнула шэсць сваіх самалётаў лізінгадаўцу

Борт EW-526PA атрымаў новы рэгістрацыйны нумар / planespotters.net

Boeing 737-800 з рэгістрацыйным нумарам EW-526PA 16 снежня быў перададзены ірландскай лізінгавай кампаніі Genesis Aircraft Services. Борт таксама атрымаў новы рэгістрацыйны нумар LZ-GNC і быў адпраўлены на аэрадром Pinal Airpark, які знаходзіцца ў ЗША, штат Арызона. Pinal Airpark — гэта найбуйнейшае ў свеце сховішча камерцыйных самалётаў, якое таксама лічыцца «могілкамі» для іх. Справа ў тым, што многія з самалётаў, якія туды прывозяць, у выніку ідуць на металалом, а сухі клімат пустыні змякчае іх карозію.

Былыя самалёты Belavia з рэгістрацыйнымі нумарамі EW-438PA і EW-543PA таксама змянілі рэгістрацыю. Першы быў перададзены амерыканскай лізінгавай кампаніі Air Lease Corporation, змяніў рэгістрацыйны нумар на T7-438 і быў адпраўлены на авіябазу Вонсдрэхт у Нідэрландах. А другі зараз мае рэг. нумар EI-GYP, перададзены лізінгавай кампаніі SMBC Aviation Capital і адпраўлены ў Міжнародны аэрапорт Острава імя Леоша Яначэка ў Чэхіі.

Нагадаем, авіякампанія «Белавія» трапіла ў пяты санкцыйны пакет ЕС за перавозку мігрантаў з краін Блізкага Усходу. Раней мы пісалі, што з 26 кастрычніка авіякампанія адправіла на захоўванне ці перадала партнёрам 14 сваіх бартоў. Такім чынам з 29 бартоў у авіяпарку кампаніі засталося толькі 15 самалётаў.

Папярэдні матэрыял
Святлана Ціханоўская стэлефанавалася з СЕО Yara
Наступны матэрыял
Анлайн-гіпермаркет amd.by ужо тыдзень не працуе пасля праверкі з-за ўказу Лукашэнкі «Аб падтрымцы эканомікі»

Iншыя матэрыялы