На русском языке:
Тихановская: «Я избранный президент Беларуси, и вместе мы победим»
Святлана Ціханоўская ў калонцы ўплывоваму брусельскаму выданню Politico назвала сябе абраным прэзідэнтам Беларусі, распавяла гісторыю мазырскага лекара, які змог вывезці фота рэнтгенаўскіх здымкаў параненых салдат ВС РФ, а таксама яшчэ раз нагадала, якім чынам ЕС і ЗША могуць дапамагчы беларусам.
«Пасля ганьбы, выкліканай контрнаступленнем украінскага войска, Пуцін хоча займець Беларусь, каб яе можна было хаця б прадаць свайму народу ў якасці суцяшальнага прыза. Ён хоча ператварыць акупаваную тэрыторыю Беларусі ў ваенную базу, каб тэрарызаваць Украіну, Польшчу, Літву і іншыя краіны Еўропы.
Мы не павінныя дазволіць гэтаму здарыцца. Лукашэнка паставіў Беларусь у цэнтр гэтага крызісу. Тым не менш, яна таксама з’яўляецца часткай выхаду з яго. Звяржэнне Лукашэнкі паскорыць перамогу Украіны. А без свабоднай Беларусі не будзе ні бяспечнай Украіны, ні бяспечнай Еўропы», – напісала Ціханоўская.
Ціханоўская лічыць, што ЕС і ЗША павінны прымяняць стратэгію дапамогі беларусам, якія працягваюць змагацца за дэмакратыю і тым, хто ратуецца ўцёкамі ад рэпрэсій і вайны:
— Выдаваць Шэнгенскія візы для беларускіх актывістаў ці блогераў,
— Увесці ў дзеянне санкцыі,
– Ухіліць санкцыйныя шчыліны і ўзмацніць маніторынг ухілення ад санкцый,
— Актывы рэжыму за мяжой павінны быць выяўленыя і канфіскаваныя,
— Другасныя санкцыі павінны быць накіраваныя супраць дзяржпрадпрыемстваў, якія падсілкоўваюць ваенную машыну Пуціна,
— Google, Meta і TikTok павінны быць больш актыўнымі ў супрацьдзеянні хлусні і варожай тактыцы рэжыму.
«Мы вырашылі не чакаць, пакуль рухнуць рэжымы Лукашэнкі ці Пуціна, а загадзя падрыхтаваць Беларусь. І гэты Кабінет [Абʼяднаны Пераходны Кабінет Беларусі] будзе працаваць як пераходны ўрад, пакуль не адбудуцца новыя выбары.
Я абраны прэзідэнт Беларусі. Я змагаюся за сваю краіну ў выгнанні. Але я працягваю падтрымліваць наш народ. І разам мы пераможам».
Цалкам калонку чытайце тут.