Кантрабандыст з беларускімі цыгарэтамі пратараніў аўтамабіль літоўскіх памежнікаў

Фота: pasienis.lt
2 хв.

На русском языке: Контрабандист с беларусскими сигаретами протаранил автомобиль литовских пограничников

Кіроўца Audi Q5, які перавозіў каробкі з беларускімі цыгарэтамі, пратараніў аўтамабіль літоўскай памежнай службы ў Варэнскім раёне каля мяжы з Беларуссю. Каб ён не ўцёк з месца здарэння, літоўскія памежнікі стрэлілі ў маторны аддзел аўтамабіля. Кіроўца быў затрыманы. Інцыдэнт здарыўся ў панядзелак, 1 лістапада. Пра гэта паведамляецца на сайце Упраўлення дзяржаўнай памежнай бяспекі Літвы.

Памежная служба заўважыла падазроны аўтамабіль у вёсцы Ашашнінкай, што каля мяжы з Беларуссю. Патрабаванне спыніцца кіроўца праігнараваў і паспрабаваў уцячы. У выніку пагоні ў вёсцы Маргёняй кіроўца Audi Q5 пратараніў аўтамабіль памежнай службы. Адзін з пасажыраў службовага аўтамабіля атрымаў лёгкія траўмы. Памежнікі зрабілі 7 стрэлаў у маторны адсек аўтамабіля, каб затрымаць злачынца. Ім аказаўся жыхар муніцыпалітэта Друскінінкай.

Кантрабандыст з беларускімі цыгарэтамі пратараніў аўтамабіль літоўскіх памежнікаў

Фота: pasienis.lt

У салоне і багажніку аўтамабіля Audi Q5 знайшлі 35 скрыняў цыгарэтаў NZ Gold і NZ Black з беларускімі акцызнымі маркамі. Усяго кіроўца перавозіў 17500 пачкаў кантрабандных цыгарэт. Пачата дасудовае расследаванне па факце незаконнага распараджэння акцызнымі таварамі. Мужчыну пагражае штраф ці турэмнае зняволенне тэрмінам да 8 год. Яму таксама давядзецца выплаціць грамадзянскую шкоду за службовы аўтамабіль.

Пасля допыту жыхар муніцыпалітэта Друскінінкай быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. Таксама ўстаноўлена, што нумарныя знакі на аўтамабілі Audi належаць іншаму аўтамабілю.

Папярэдні матэрыял
Мінінфарм заблакаваў гомельскае выданне «Флагшток»
Наступны матэрыял
Рыхтуюцца да асады? На прахадной «Гродна Азот» усталёўваюць металічныя шыпы

Iншыя матэрыялы