Мігранты на беларуска-польскай мяжы. Серада

Фота: Войскі тэрытарыяльнай абароны Польшчы
7 хв.

In English: Migrants at the Belarusian-Polish border. Wednesday
На русском языке: Мигранты на беларусско-польской границе. Среда

Рэдакцыя motolko.help працягвае сачыць за сітуацыяй на беларуска-польскай мяжы, дзе трэці дзень знаходзяцца мігранты. Анлайн вядзецца ў храналагічным парадку: самыя апошнія навіны будуць унізе старонкі.

Нагадаем, у панядзелак тысячы мігрантаў пайшлі ў бок памежнага пераходу «Кузніца». Узброеныя людзі на тэрыторыі Беларусі перакрылі ім дарогу і адціснулі мігрантаў у лес, дзе яны спрабавалі прарваць агароджу і патрапіць на тэрыторыю Польшчы. Спробы не ўвянчаліся поспехам і мігранты раскінулі намётавы лагер уздоўж агароджы. Першая ноч на мяжы прайшла адносна спакойна.

У аўторак прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда абмеркаваў сітуацыю на мяжы з генсекам НАТА Енсам Столтэнбергам. Польскі бок заявіў пра гатоўнасць абараняць свае межы. У сеціве з’яўляецца відэа, дзе ўзброеныя людзі з беларускага боку страляюць з аўтамата ў паветра. У сеціве з’яўляецца фота з мяжы журналіста расійскага тэлеканала Russia Today Канстанціна Прыдыбайлы і вядучага беларускага тэлеканала СТБ Рыгора Азаронка. Незалежныя СМІ не могуць трапіць у лагер мігрантаў для аб’ектыўнага асвятлення сітуацыі.

Ноч

16-я механізаваная дывізія ў сваім Twitter паведамляе, што ноч была напружанай з-за шматлікіх спробаў мігрантаў перасекчы мяжу з Польшчай. Гэтыя спробы спыняюцца сумесна з памежнікамі.

Мігранты на беларуска-польскай мяжы. Серада

Фота: Polska Policja / Twitter

Таксама раніцай польскае «Радыё Беласток» паведаміла, што ўначы дзве вялікія групы мігрантаў змаглі трапіць на тэрыторыю Польшчы ў раёне Крынак і Белавежы. Пазней стала вядома, што ўсе гэтыя людзі былі выдвараныя з тэрыторыі Польшчы назад на беларускую тэрыторыю.

Раніца

10:28 – Людзі ў камуфляжнай форме палохаюць мігрантаў, страляючы ў паветра.

Мінабароны Польшчы апублікавала відэа, дзе бачна, як людзі ў камуфляжнай форме на беларускім баку мяжы перазараджаюць зброю і страляюць у паветра, палохаючы мігрантаў. Пасля гэтага чуваць крыкі.

11:40 – Разглядаецца поўнае закрыццё мяжы Беларусь – Польшча.

Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік польскага ўрада Пётр Мюлер выданню Wirtualna Polska. «Разглядаецца варыянт поўнага закрыцця граніцы з Беларуссю», – сказаў ён.

Па нашай інфармацыі, гэта разглядалася ўчора ўвечары на экстранай нарадзе ўрада Польшчы. Позна ўвечары выйшаў каментар, дзе прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў: «Мы зробім тое, што нашкодзіць польскім прадпрымальнікам, якія гандлююць з Беларуссю. Мы плануем далейшыя эканамічныя санкцыі». Што ўскосна пацвярджае здагадку аб закрыцці межаў.

11:19 – Чалавек на насілках.

У чаце мігрантаў з’яўляецца відэа, на якім людзі ў камуфляжнай форме нясуць на насілках чалавека, як мяркуецца, мігранта. Перад імі ідзе чалавек у форме хуткай дапамогі.

Дзень

12:00 – Мігранты рухаюцца на поўнач уздоўж плота на мяжы.

Калі рухацца на поўнач ад памежнага пераходу «Кузніца», дзе зараз знаходзіцца асноўная колькасць мігрантаў, то прыкладна праз 50 кіламетраў можна дасягнуць мяжы Літвы.

13:11 – Мігранты пад кантролем узброеных людзей.

Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы апублікавала некалькі відэа, на якіх бачна, як каля мігрантаў з боку Беларусі знаходзяцца ўзброеныя людзі ў форме.

Учора прадстаўнікі беларускіх службаў трапілі ў аб’ектыў фатографа Войскаў тэрытарыяльнай абароны Польшчы.

Мігранты на беларуска-польскай мяжы. Серада

Узброеныя людзі ў лагеры мігрантаў з боку Беларусі. 9 лістапада 2021 года. / Фота: Войскі тэрытарыяльнай абароны Польшчы

14:10 – Спецыяльныя службы Польшчы рыхтуюцца да чарговага наплыву мігрантаў.

Прэс-сакратар міністра, які каардынуе працу польскіх спецслужбаў, Станіслаў Жарын у інтэрв’ю Radio Plus сказаў, што яго ведамства рыхтуецца да чарговага наплыву груп мігрантаў з Мінска. Вялікая група мігрантаў, якая сабралася пад Кузніцай, зараз разгрупавалася па ўсёй мяжы. Паводле ацэнак спецслужбаў, зараз у Беларусі знаходзіцца ад 10 да 15 тысяч мігрантаў, якія прыбылі ў Беларусь праз мінскі аэрапорт у апошнія месяцы.

«Мы чакаем, што адной з тактык можа быць падзел гэтых мігрантаў на розныя групы з мэтай арганізацыі масавага ўезду на тэрыторыю Польшчы ў розных месцах», – дадаў Жарын.

У інтэрв’ю выданню salon24.pl Жарын таксама адзначыў: «Мы разлічваем, што крызіс працягнецца некалькі месяцаў. Мы павінны падрыхтавацца да ціску на месцах і ў СМІ. Гэта дакладна не хутка скончыцца».

14:25 – З’явілася відэа, на якім чутныя стрэлы.

Нядаўна ў тэлеграм-чатах мігрантаў з’явілася відэа, на якім мігрантаў у цёмны час сутак кудысьці вялі і падганялі аўтаматнымі чэргамі.

На відэа выразна чутныя стрэлы з аўтамата. Па наяўнай інфармацыі можна меркаваць, што стралялі беларускія сілавікі, верагодна, для таго, каб падганяць мігрантаў ісці хутчэй.

15:10 – Кіраўнік Еўракамісіі абмяркуе сітуацыю на мяжы з прэзідэнтам ЗША.

Кіраўнік Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен сёння а 16-й гадзіне па Бруселі правядзе сустрэчу з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Аб гэтым паведамляе карэспандэнт Sky News Адам Парсанс.

Карэспандэнтка польскага выдання RFM24 удакладніла, што на сустрэчы абмяркуюць пытанне пра сітуацыю на польска-беларускай мяжы.

Папярэдні матэрыял
У бальніцах Мінскай вобласці скарачаюць колькасць ложкаў для хворых COVID-19
Наступны матэрыял
Група «Хрысціянскае бачанне» накіравала ліст прадстаўніку Ватыкана

Iншыя матэрыялы