З 1 кастрычніка «Мінсктранс» аднаўляе аўтобусны маршрут Мінск-Рыга праз Вільнюс.
З Мінска аўтобус будзе адпраўляцца ў 22:00 па чацвяргах, пятніцах, суботах і нядзелях, а з Рыгі з 2 кастрычніка ў 22:00 па пятніцах, суботах, нядзелях і панядзелках.
Нагадаем, маршрут быў адменены ў кастрычніку 2020 года з адначасовым увядзеннем штодзённага маршруту Мінск-Вільня. Тады не паведамлялася, з чым гэта звязана, аднак авіярэйсы з Мінска ў Рыгу таксама былі адмененыя ў сувязі з каранавірусам, а з мая 2021 года — у сувязі з авіяблакадай, якую абвесцілі еўрапейскія краіны пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair ў Мінску, на борце якога ляцелі журналісты Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега. Яны былі захопленыя беларускімі ўладамі, змешчаныя пад варту, а праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.
Такім чынам, беларусы ўпершыню за доўгі час змогуць трапіць з Мінска ў Рыгу без перасадак.