In English:
New York Times: Belarusian air traffic controller provides Poland with information on Pratasevich’s case
На русском языке:
New York Times: Беларусский авиадиспетчер предоставил Польше информацию по делу Протасевича
Амерыканскае выданне The New York Times паведамляе, што экс-авіядыспетчар Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» прадставіў польскім следчым доказы таго, што пасадка рэйса Ryanair у Мінску была аперацыяй беларускіх спецслужбаў па злове Рамана Пратасевіча.
Пра гэта выданню распавялі Еўрапейскія афіцыйныя асобы, якія пажадалі застацца неназванымі. Па іх інфармацыі, улетку падчас эскалацыі мігранцкага крызісу на беларуска-польскай мяжы, у Польшчу пракраўся экс-авіядыспетчар, які працаваў у мінскім аэрапорце. Ён падаў польскім спецслужбам падрабязныя доказы фальшывай пагрозы выбуху на борце самалёта Rayaniar Афіны-Вільнюс, а таксама сказаў, што падчас сітуацыі з бортам на авіядыспетчарскай вышцы знаходзіўся афіцэр КДБ, пазней ён узяў пад кантроль авіядыспетчарскую службу.
Прэс-сакратар міністра-каардынатара польскіх спецслужбаў Станіслаў Жарын таксама паведаміў выданню аб тым, што атрымана «справаздача непасрэднага сведкі падзей на дыспетчарскай вышцы». Ён дадаў, што, па словах сведкі, афіцэр беларускага КДБ знаходзіўся тады ў дыспетчарскай і «ў вырашальны момант прыняў на сябе камандаванне авіядыспетчарам».
«На працягу ўсяго інцыдэнту беларускі афіцэр «падтрымліваў пастаянную сувязь па тэлефоне з кімсьці, каму ён паведаміў аб тым, што зараз адбываецца з самалётам», — сказаў Жарын.
Верагодна, чалавек, які збег у Польшчу — гэта былы дыспетчар «Белаэранавігацыі» Алег Галегаў. У ліпені выданне «Наша Ніва» паведаміла, што Галегаў з’ехаў з сям’ёй у адпачынак у Грузію з якога не вярнуўся. Ён таксама выдаліў усе свае ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках.
Прадстаўнікі еўрапейскіх службаў бяспекі заявілі выданню, што з мэтай дэзерцірства ён першапачаткова звязаўся з пасольствам ЗША ў Варшаве, але амерыканцы накіравалі яго ў бок польскіх улад. Амбасада ЗША ў Варшаве ад каментароў адмовілася.