In English:
Political prisoner Aliaksandr Ivulin was released after serving the full sentence
На русском языке:
Политзаключённый Александр Ивулин вышел на свободу, отбыв свой срок
Журналіст Tribuna.com і вядучы YouTube-канала «Часнок» Аляксандр апублікаваў першы пост ў Instagram пасля выхаду на волю, дзе ён піша:
«Усе гэтыя 624 дні, пакуль мы не бачыліся, вам было нашмат складаней, чым мне. Вас палохала невядомасць. Вы не ведалі, як я і што са мной. Не ведалі, як мне дапамагчы. Пры гэтым рабілі ўсё магчымае, каб па тым боку плота мне жылося крыху прасцей. Рабілі так шмат, што я пакуль не магу ўсвядоміць увесь маштаб.
Прабачце, пішу гэты тэкст і натуральна трасуцца рукі, а да вачэй падыходзіць кандэнсат. Гэта ўсё праз вас, неверагодныя беларусы!
Нізкі паклон усім і кожнаму за салідарнасць і падтрымку. Гэта вельмі каштоўна. Гэта не забываецца».
Кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак піша, што Аляксандр Івулін эвакуяваны дзякуючы зладжанай працы многіх людзей, у тым ліку і службе эвакуацыі BYSOL.
Аляксандр Івулін пасля вызвалення / Фота: інстаграм Аляксандра Івуліна
Аляксандр Івулін разам з аператарам і мантажорам YouTube-канала «Часнок» Яраславам Пісарэнкам быў затрыманы 3 чэрвеня 2021 года. На наступны дзень журналіста асудзілі на 30 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 24.23 КаАП – нібыта за сцяг на акне кватэры. Пасля 30 сутак арышту ён на волю не выйшаў.
Пазней стала вядома, што Аляксандра Івуліна перавялі ў СІЗА №1 па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
19 студзеня 2022 года журналіста асудзілі на 2 гады калоніі. У сярэдзіне красавіка 2022 года Аляксандр быў этапаваны ў ВК № 22 «Воўчыя норы» ў Івацэвічах. 17 лютага 2023 года ён выйшаў на волю, цалкам адбыўшы свой тэрмін.