«Рэха халоднай вайны»: як зараз выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

motolko.help
Эксклюзіў
15 хв.

На русском языке: «Эхо холодной войны»: как сейчас выглядят места размещения ЯО на территории Беларуси?

Увечары 25 сакавіка 2023 года Уладзімір Пуцін заявіў, што да 1 ліпеня Расія пабудуе ў Беларусі сховішча для тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ). Тады ж на пытанне пра перадачу Беларусі ядзернай зброі Пуцін сказаў, што Расія не перадае ЯЗ, а «збіраецца рабіць тое ж самае, што ЗША са сваімі саюзнікамі».

У сувязі з гэтым мы вырашылі ўзгадаць, дзе ў часы СССР базавалася ядзерная зброя на тэрыторыі Беларусі і паглядзець, як зараз выглядаюць вайсковыя аб’екты часоў халоднай вайны.

Пачнем з таго, што ў 1960-х у Беларусі знаходзіліся чатыры ракетныя дывізіі: у Пружанах, Паставах, Мазыры і Лідзе, на ўзбраенні якіх былі ракеты Р-12, Р-14 і РСД-10 мабільнага і шахтавага базавання. Некаторыя сілы гэтых дывізій былі размешчаныя таксама ў Смаргонскім, Дзяржынскім, Дзятлаўскім і Слонімскім раёнах.

«Рэха халоднай вайны»: як зараз выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

Падрыхтоўка да пуску ракеты Р-12

Згодна з адкрытымі крыніцамі, на момант распаду СССР, Беларусь была восьмай краінай у свеце па запасах ядзернай зброі, а агульная колькасць боезарадаў складала 1120:

  • 125 — у войсках СПА;
  • 270 — у сухапутных войсках;
  • 575 — у далёкай авіяцыі;
  • 150 — у авіяцыі ВМФ.

Акрамя таго, на тэрыторыі Беларусі знаходзіліся два шахтавыя пускавыя комплексы. Першы засакрэчаны аб’ект базаваўся ў Пастаўскім раёне і абсталёўваўся ракетамі Р-12У — Шахтавая пускавая ўстаноўка «Дзвіна». Другі знаходзіўся недалёка ад Смаргоні і быў зараджаны ракетамі Р-14У — Шахтавая пускавая ўстаноўка «Чусавая». Аднак ядзерныя боегалоўкі размяшчаліся не толькі ў шахтавых пускавых устаноўках (ШПУ), агулам у 1960-1996 гг. у Беларусі было не менш за 33 лакацыі, дзе знаходзілася ядзерная зброя.

«Рэха халоднай вайны»: як зараз выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

Мапа размяшчэння падраздзяленняў і фармаванняў ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння (РВСП) на тэрыторыі БССР (1960—1996 гг.)

Гісторыя размяшчэння савецкай ядзернай зброі ў Беларусі падышла да канца толькі ў 1996 годзе паводле Дамовы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі, а дакладней 27 лістапада 1996 года, калі з чыгуначнай станцыі Яцукі, што недалёка ад Ліды, пад марш «Развітанне славянкі» ў Расію быў адпраўлены апошні эшалон з міжкантынентальнымі балістычнымі ракетамі РС-12М «Таполя».

У абмен на гэта Вялікабрытанія, Расія і ЗША надалі Беларусі гарантыі бяспекі, замацаваныя ў Будапешцкім мемарандуме. Дарэчы, Лукашэнка на цырымонію вывазу ядзернай зброі з Беларусі не прыехаў, але на архіўных кадрах можна заўважыць маладога Віктара Шэймана.

Дык як жа зараз выглядаюць аб’екты халоднай вайны?

Шахтавая пускавая ўстаноўка «Дзвіна»

Адна з дзвюх шахтавых пускавых установак ЯЗ на тэрыторыі БССР знаходзілася на тэрыторыі 346-га ракетнага палка 32-й ракетнай дывізіі РВСП у раёне в. Курсевічы (Пастаўскі раён, Віцебская вобласць).

Гэты комплекс стаў на баявое дзяжурства 12 снежня 1964 года. Там знаходзіліся чатыры ракетныя шахты, кожная з якіх складалася са знешняга бетоннага цыліндру (ствала шахты) глыбінёй 30 метраў і шырынёй 7 метраў.

«Рэха халоднай вайны»: як зараз выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

Адна из затопленых пускавых шахт ШПУ «Дзвіна» / Onliner

Менавіта ў такіх шахтах калісьці размяшчаліся савецкія аднаступенныя балістычныя ракеты Р-12.

«Рэха халоднай вайны»: як зараз выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

Адна з шахтаў ШПУ «Дзвіна» / meridian28

Як і амаль усе аб’екты ў сённяшнім аглядзе, гэты комплекс даўно разрабаваны і затоплены, а абсталяванне і металічныя дэталі зрэзаныя.

«Рэха халоднай вайны»: як зараз выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

Калідоры камандного пункту ШПУ «Дзвіна» / meridian28

Шахтавая пускавая ўстаноўка «Чусавая»

Гэта ўжо 428-ты ракетны полк 32-й ракетнай дывізіі РВСП. Знаходзіўся комплекс каля в. Слабсны (Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць). Там было тры шахтавыя пускавыя ўстаноўкі з ракетамі 8К65У ракетнага комплексу Р-14У, які паступіў на ўзбраенне СССР у 1964 г.

«Рэха халоднай вайны»: як зараз выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

Шахтавая пускавая ўстаноўка «Чусавая» на спадарожнікавых здымках

У адрозненне ад ШПУ «Дзвіна», гэты комплекс захаваўся крыху лепш. Напрыклад, там ёсць ахоўныя вечкі шахтаў, якія адчыняліся пры дапамозе дамкратаў і рэйкавай накіравальнай сістэмы.

«Рэха халоднай вайны»: як зараз выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

Вечка адной з шахтаў ШПУ «Чусавая» / meridian28

Таксама на тэрыторыі комплексу захавалася зала для газавых балонаў з азотам і кіслародам, і барабан тросавага прыводу з рэдуктарам механізма адкрыцця ахоўнага прыстасавання ШПУ.

«Рэха халоднай вайны»: як зараз выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

Балоны з кіслародам і азотам, якія захаваліся / meridian28

«Рэха халоднай вайны»: як зараз выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

Прыстасаванне для адкрыцця вечка шахты / meridian28

56 полк РВСП

Размяшчаўся ён у раёне в. Шарашова (Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць). Раней там знаходзіліся ўкрыцці, стартавыя пляцоўкі, сховішчы, камандныя пункты, вузлы сувязі і адміністрацыйныя будынкі пабудаваныя ў 1960-х.

«Рэха халоднай вайны»: як зараз выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

56 полк РВСП на спадарожнікавых здымках

На баявое дзяжурства гэты полк заступіў 1 студзеня 1962 г. у складзе двух дывізіёнаў, у кожным з якіх знаходзіліся па 4 пускавыя ўстаноўкі ўжо згаданых ракетаў Р-12. Адначасова са стварэннем палка была сфармаваная і рамонтна-тэхнічная база для захоўвання абслугоўвання ядзерных боегаловак.

«Рэха халоднай вайны»: як зараз выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

Штаб 56-га палка РВСП / meridian28

Зараз з вайсковага мястэчка захаваўся толькі штаб – невялікая двухпавярховая цагляная пабудова. Побач з ім знаходзіцца кольцападобнае сховішча, якое прызначалася для супрацьхімічнай і радыяцыйнай хованкі.

«Рэха халоднай вайны»: як зараз выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

Сховішча 56-га полка РВСП / meridian28

Захаваліся таксама самі пускавыя пляцоўкі з металічнай падставай, на якую ўстанаўліваўся і замацоўваўся стартавы стол ракеты Р-12.

«Рэха халоднай вайны»: як зараз выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

Пускавая пляцоўка для ракет Р-12 / meridian28

403 полк РВСП

Гэты ракетны полк таксама меў на ўзбраенні балістычныя ракеты сярэдняй далёкасці Р-12 ракетнага комплексу 8К63. Знаходзіўся ён у г.п. Ружаны (Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць), а дакладней у лясах на паўднёвы захад ад Ружан.

«Рэха халоднай вайны»: як зараз выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

403 полк РВСП

На тэрыторыі баявой зоны палка знаходзілася рамонтна-тэхнічная база – сховішча ядзерных боегаловак балістычных ракет, дзе частка абʼектаў захавалася. А вось жылая зона цалкам знесена.

Захавалася і металічная падстава, на якую ўсталёўваўся і замацоўваўся стартавы стол ракеты Р-12, які умуроўваўся ў бетоннае пакрыццё.

Цэнтральная база захоўвання ядзернай зброі «Гомель-30»

Для Беларусі гэта ўнікальны абʼект, своеасаблівы галоўны склад ядзернай зброі ў БССР. Усяго ж да 1990 года ў СССР і яго сатэлітах налічвалася больш за 20 цэнтральных баз захоўвання ЯЗ. Беларуская знаходзілася ў Гомельскай вобласці, недалёка ад в. Валадарск. Дарэчы, сёння да ЦБЗ ЯЗ прымыкае жаночая ВК-24.

«Рэха халоднай вайны»: як зараз выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

Цэнтральная база захоўвання ядзернай зброі «Гомель-30» на спадарожнікавых здымках

Яе будаўніцтва, як і многіх іншых абʼектаў ЯЗ на тэрыторыі Беларусі, пачалося ў 60-я гады XX стагоддзя. ЦБЗ уяўляе сабой вялізны комплекс збудаванняў, які ўключаў у сябе перш за ўсё перыметр тэхнічнай зоны, дзе знаходзіліся сховішчы ядзернай зброі, чыгуначная станцыя, аўтапарк і ваенны гарадок.

Характэрна, што кожнае сховішча ЦБЗ было ізалявана адно ад аднаго і ў іх захоўваліся ядзерныя боепрыпасы 6-і тыпаў:

  • ЯБП ВПС – авіяцыйныя бомбы і баявыя часткі крылатых ракет авіяцыйнага базавання;
  • ЯБП РВіА СВ – баявыя часткі тактычных і аператыўна-тактычных ракет і артылерыйскія снарады;
  • ЯБП РВСП – баявыя часткі і баявыя блокі ракет;
  • ЯБП ВМФ – баявыя часткі і баявыя блокі ракет марскога базавання і берагавых ракетных комплексаў, баявыя часткі супрацькарабельных і супрацьлодкавых ракет, баявыя зарадныя аддзяленні і баявыя часткі тарпед і ракет-тарпед, якарныя і дновыя міны, артылерыйскія снарады берагавой артылерыі, глыбінныя бомбы авіяцыйныя бомбы, якія «ныраюць»;
  • ЯБП СПА – баявыя часткі ракет СПА;
  • ЯБП інжынерных войскаў – стацыянарныя і пераносныя інжынерныя міны.

«Рэха халоднай вайны»: як зараз выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

Галоўная зала сховішча / meridian28

У сваю чаргу кожнае сховішча можна ўмоўна падзяліць на тры часткі: цэнтральную залу для работ з часткамі ядзерных боепрыпасаў, тэхнічныя дапаможныя памяшканні жыццезабеспячэння комплексу і непасрэдна залы захоўвання.

Да галоўнай залы прымыкаюць 8 адсекаў для захоўвання ЯЗ, у кожны з якіх вядуць рэйкі для каляскі грузападымальнасцю да 10 тон.

«Рэха халоднай вайны»: як зараз выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

Тачкі для перавозкі ядзернай зброі

Цікава таксама, што па дыяганалі да адсекаў знаходзяцца разваротныя кругі, якія дазваляюць павярнуць тачку ў неабходны адсек.

«Рэха халоднай вайны»: як зараз выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

Адсекі для захоўвання ЯА, разваротны круг і тачка на рэйках / meridian28

«Рэха халоднай вайны»: як зараз выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

Герметычныя дзверы ЦБЗ ЯЗ / meridian28

У адрозненне ад іншых збудаванняў халоднай вайны, дадзены комплекс, прынамсі, па стане на 2014-15 гг, быў у значна лепшым стане. Як мінімум нельга сказаць, што на той момант ён быў цалкам разрабаваны, вялікая колькасць абсталявання была на сваім месцы. Аднак невядома, у якім стане іх працаздольнасць была ўжо тады, не кажучы пра зараз.

«Рэха халоднай вайны»: як зараз выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі?

Памяшканні ЦБЗ ЯЗ «Гомель-30»
Папярэдні матэрыял
Байдэн: «Яны не проста жанчыны, яны – лідаркі»
Наступны матэрыял
Сілавікі Лукашэнкі апублікавалі відэа чарговых рэпрэсій і выпадкова злілі перамяшчэнне ЗРК С-400

Iншыя матэрыялы