In English:
BSEU sociological research: 19,4% won’t take part in the referendum, and BT misrepresents the infographics
На русском языке:
Соцопрос БГЭУ: 19,4% не будут участвовать в референдуме, а БТ исказил инфографику
Кіраўнік Цэнтра сацыяльна-гуманітарных даследаванняў БДЭУ, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт Ірына Лашук у эфіры дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь 1» расказала пра вынікі сацапытання аб рэферэндуме па Канстытуцыі. Адметна, што апытанне правялі па тэлефоне.
Паведамляецца, што ў апытанні паўдзельнічала тысяча чалавек, большасць з якіх узростам 18-35 гадоў (40,5%), яшчэ 36,8% – 36-55 гадоў. Апытанне праводзілі па ўсёй краіне, найбольшая колькасць рэспандэнтаў пражывае ў Мінску – 26,7%, а найменшая ў Гродзенскай вобласці – 5,9%.
Зыходзячы з агучаных дадзеных, 62,1% апытаных выказаліся ў падтрымку рэферэндуму (43,8% – «падтрымліваюць» і 18,3% – «хутчэй падтрымліваюць»). Пра неабходнасць змяненнаў у Канстытуцыі заявілі 63,1% (32% – «так» і 30,4% – «хутчэй так»). Таксама людзям было зададзена пытанне, ці плануюць яны ўдзельнічаць у рэферэндуме, дзе 19,4% заявілі, што дакладна не пойдуць, а 38,2% сказалі, што возьмуць удзел.
23,9% выказалі ўпэўненасць, што правядзенне рэферэндуму прывядзе да значных станоўчых змен у краіне. Крыху больш за (24%) рэспандэнтаў лічаць, што рэферэндум ніяк не паўплывае на сітуацыю, а яшчэ 26,3% думаюць, што варта чакаць нязначных станоўчых змен. 3,9% заявілі, што сітуацыя пагоршыцца. Пры гэтым варта адзначыць, што тэлеканал «Беларусь 1» візуальна сказіў інфаграфіку, паказаўшы, што колькасць упэўненых у паляпшэнні сітуацыі нібыта большая, чым тых, хто лічыць, што сітуацыя не зменіцца.
Некарэктная інфаграфіка тэлеканала «Беларусь 1» / БТ
Акрамя таго, дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Мікалай Мыслівец, у эфіры заявіў, што перад рэферэндумам у Беларусі праводзяць маштабнае сацдаследаванне, у якім удзельнічаюць каля 10 тысяч рэспандэнтаў, якія адказваюць на 24 пытанні. І паведаміў, што даследаванне завершыцца цягам найбліжэйшых некалькіх тыдняў. Мабыць размова ідзе пра сацыялагічнае даследаванне, якое праводзіць EcooM сумесна з Інстытутам сацыялогіі НАН. Мы публікавалі копію анкеты гэтага даследавання і правялі сваё анлайн-апытанне з пытаннямі з гэтай формы адказаў.
У сваю чаргу, экс-дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Генадзь Коршунаў у сваім тэлеграм-канале пракаментаваў гэтую інфармацыю, паведаміўшы, што стандарт выбаркі ў Беларусі 1100-2600 чалавек і гэтага было б дастаткова.
«Дык чаму ж 10 000? Здаецца, усё проста 2 – толькі для магіі лічбаў. Як быццам апытаць 10 000, гэта як атрымаць 80% галасоў на выбарах. Ці нават 90%! Па такіх лічбах зразумела, як пройдзе гэтае даследаванне — апытанні на фабрыках, прадпрыемствах, праз прафсаюзы, БРСМ і Белую Русь. Яно і раней з большага ўжо было зразумела, якія лічбы будуць там намаляваныя і патрапяць у СМІ. А зараз зразумела, што адэкватнай інфармацыі, якая магла б патрапіць да замоўца, не будзе наогул. Будзе проста шыла», – напісаў Коршунаў.
Вынікі нашага апытання будуць апублікаваныя ў бліжэйшы час, але ўжо можам сказаць, што ў анлайн-апытанні прынялі ўдзел больш за 26 000 чалавек.