In English:
The UN Human Rights Council demanded the release of Siarhei Tsikhanouski
На русском языке:
Совет по правам человека ООН потребовала освободить Сергея Тихановского
Тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай са спасылкай на праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што працоўная група па адвольных затрыманнях ААН запатрабавала вызваліць Сяргея Ціханоўскага. Працоўная група па адвольных затрыманнях – гэта прававы механізм, створаны Саветам па правах чалавека ААН. Група складаецца з пяці спецыялістаў у галіне права, якія могуць разглядаць індывідуальныя скаргі і прымаць рашэнні, даючы дзяржаве магчымасць выказаць сваю пазіцыю.
Па пададзенай адвакатамі Сяргея Ціханоўскага скарзе Працоўная група ААН прыйшла да высноў:
- Ціханоўскага затрымалі па сфабрыкаваным абвінавачанні;
- Яму спачатку адмовілі ў доступе да адваката, затым парушылі канфідэнцыйнасць зносін з адвакатам, прэзумпцыю невінаватасці, а суд праходзіць за зачыненымі дзвярыма;
- Пазбаўленне волі Сяргея Ціханоўскага супярэчыць артыкулам 2, 7, 9, 10, 11, 19, 20, 21 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулам 2(1), 9, 14, 19, 21, 25 і 26 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ;
- Кейс прызнаны пераследам палітычнага апанэнта, а значыць ніякага судовага разбіральніцтва па справе Ціханоўскага не павінна было праводзіцца;
- Ціханоўскі павінен быць неадкладна вызвалены.
Важна тое, што прадстаўнікі рэжыму ўдзельнічалі ў працэдуры працы групы ААН, паказаўшы тым самым, што прызнаюць яе кампетэнцыю. 14 мая 2021 года Рабочая група накіравала ўраду Беларусі паведамленне ў адносінах да Сяргея Ціханоўскага. Урад Беларусі адказаў 24 чэрвеня. У камунікацыі Працоўная група падкрэсліла: калі крыніца (абарона Ціханоўскага) прадставіла дастаткова доказаў парушэнняў пры незаконным затрыманні, даказваць яго віну павінна дзяржава – калі яна мае намер абвергнуць гэтыя заявы.
6 верасня 2021 года Працоўная група перадала рашэнне з патрабаваннем вызвалення Ціханоўскага Спецдакладчыкам ААН, якія займаюцца пытаннямі правоў чалавека ў Беларусі, а таксама прадстаўнікам рэжыму. Ім трэба даць адказ на гэты зварот.
Святлана Ціханоўская так пракаментавала гэтае рашэнне: «Я дзякую ўжо экс-адвакату Сяргея Наталлі Мацкевіч за зварот у ААН і самой Працоўнай групе за рашэнне па справе майго мужа. Як і ўсе беларусы, я ні секунды не сумнявалася ў ягонай невінаватасці. Сяргей знаходзіцца ў турме толькі таму, што аказаўся моцным лідарам. Яго пазбавілі адваката проста ў працэсе суда, толькі таму што абвінавачанне трашчыць па швах. Гэта ведаем мы, гэта ведае ААН, гэта ведае чалавек, які прайграў выбары і гвалтам утрымлівае ўладу. Ён бачыў Сяргея, гаварыў з ім, глядзеў яму ў вочы. І я перакананая, закрытае сфабрыкаванае судзілішча – гэта рэакцыя на тую сілу, якую ён убачыў у вачах Сяргея Ціханоўскага».
Больш падрабязная інфармацыя – на сайце праваабарончага цэнтра «Вясна».