На русском языке:
Спецслужбы Латвии: «Беларусы против войны, ТЯО и сближения с Россией, но Кремль продолжает усиливать влияние на страну»
Латвійскае Упраўленне па абароне канстытуцыі (SAB) апублікавала несакрэтную частку справаздачы аб дзейнасці ведамства ў 2023 годзе. Сярод іншага, у справаздачы прыводзіцца і ацэнка латвійскай спецслужбай бягучай сітуацыі ў Беларусі, заўважыла выданне Reform.by.
Спецслужбы зазначаюць, што ў беларусаў захоўваецца высокі ўзровень незадаволенасці палітычнай сітуацыяй агулам, аднак паўсюдныя рэпрэсіі супраць апазіцыі, СМІ, НДА і грамадзянскай супольнасці значна знізілі любыя шырэйшыя магчымасці пратэсту. Акрамя таго:
- Беларускае грамадства стрымана ставіцца да далейшага збліжэння з Расіяй.
- Беларусы працягваюць негатыўна ставіцца да вайны Расіі супраць Украіны і асабліва крытычна ставяцца да перспектыў прамога ўдзелу ў ёй УС РБ.
- Таксама SAB прыйшло да высновы, што беларускае грамадства негатыўна ўспрымае зʼяўленне ў краіне ПВК «Вагнер» і інфармацыю пра размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі.
Аднак нягледзячы на настроі ў беларускім грамадстве, у SAB адзначаюць, што Крэмль працягвае ўзмацняць свой усё большы ўплыў на ўсе сферы дзяржаўнай дзейнасці краіны. У SAB лічаць, што фінансаванне праектаў у рамках Саюзнай дзяржавы дае магчымасць Крамлю інвесціраваць у ваенную інфраструктуру Беларусі ў сваіх мэтах.
Таксама спецслужба канстатуе і рост выдаткаў на абарону ў беларускім бюджэце, аднак яны працягваюць быць значна ніжэйшымі за выдаткі на ўнутраную бяспеку.
Разам з тым, не спыняюцца і гібрыдныя аперацыі з выкарыстаннем мігрантаў у адносінах да суседніх краін, а дзяржпрапаганда рэжыму Лукашэнкі на працягу ўсяго 2023 года спрабавала прадставіць краіны Балтыі ў негатыўным святле шляхам інфармацыйных кампаній. У латвійскай спецслужбе мяркуюць, што дадзенае становішча спраў не зменіцца ў найбліжэйшай будучыні.