Супрацоўнікам Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» забаранілі ўдзельнічаць у сацапытаннях

Vasyatka1 / Wikimedia.org
Iнсайд
10 хв.

In English: Employees of the Minsk National Airport are prohibited to participate in opinion polls
На русском языке: Сотрудникам Национального аэропорта «Минск» запретили участвовать в соцопросах

У распараджэнні рэдакцыі motolko.help аказаўся дакумент аб унясенні зменаў у правілы ўнутранага працоўнага распарадку Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» падпісаны генеральным дырэктарам аэрапорта Вячаславам Харанекам. Гаворыцца, што змены ўводзяцца ў мэтах падтрымання на высокім узроўні авіяцыйнай бяспекі, бяспекі палётаў, а таксама інфармацыйнай аховы прадпрыемства. Пры гэтым змены, пра якія ідзе размова ў дакуменце, не маюць ніякага дачынення да бяспекі палётаў.

Супрацоўнікам Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» забаранілі ўдзельнічаць у сацапытаннях

Загад аб зменах правіл унутранага працоўнага распарадку Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» / motolko.help

У дакуменце гаворыцца, што цяпер супрацоўнікам Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» забаронена:

  • Выкарыстоўваць незарэгістраваную сімволіку на тэрыторыі прадпрыемства;
  • Праводзіць на тэрыторыі аэрапорта сацапытанні і ўдзельнічаць у іх;
  • Займацца палітычнай агітацыяй без узгаднення з наймальнікам.

Па словах экспертаў Беларускага Хельсінкскага Камітэта, сваім загадам РУП Нацыянальны аэрапорт «Мінск» парушае права на свабоду выказвання меркавання (людзям забараняецца выкарыстанне сімволікі, эмблем і г.д., правядзенне і ўдзел у сацапытаннях). Таксама парушаецца права на неўмяшанне ў асабістае жыццё (з п. 10.22 відавочна, што гаворка ідзе не толькі пра працоўны час, але і пра ўвогуле ўсе дзеянні на тэрыторыі прадпрыемства: умоўна, пайшла ў абедзенны перапынак папіць гарбату ў кавярні аэрапорта, дастала кашалёк з «Пагоняй» — парушыла правілы).

Відавочна, што меры, якія трэба прыняць, ніяк не суадносяцца з заяўленай прычынай (назва дакумента «У мэтах падтрымання на высокім узроўні авіяцыйнай бяспекі, бяспекі палётаў і інфармацыйнай абароны прадпрыемства»). Якая сувязь паміж эмблемай і авіяцыйнай бяспекай?

Для таго каб прыцягваць да адказнасці работнікаў за здзяйсненне ў працоўны час і на працоўным месцы дзеянняў, не звязаных з працоўным працэсам, цалкам хапае дзейнага працоўнага заканадаўства. Пры гэтым, у любым выпадку, прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці (нават калі для гэтага ёсць сапраўдныя падставы) не можа парушаць ні свабоду выказвання меркавання, ні права на неўмяшанне ў асабістае жыццё.

Акрамя таго, эксперты адзначаюць, што ёсць яшчэ два аспекты, на якія трэба звярнуць увагу.

Першае. Тое, што адбываецца — прыклад, як дзяржава выкарыстоўвае бізнэс для ціску на чалавека. Гэта вельмi наша мадэль жыцця. Усюды бізнэс ствараецца для таго, каб зарабляць грошы, але ў нас ён яшчэ і інструмент удзелу ў палітыцы. На ўсю моц выкарыстоўваецца залежнасць бізнэсу ад дзяржавы і залежнасць працаўніка ад працадаўцы. Нагадаем, што магчымасць удзелу працоўных калектываў у выбарчым працэсе ў нас замацавана на ўзроўні закону!

Другое. Незалежна ад таго, па чыёй ініцыятыве Нацыянальны аэрапорт выдае такі загад (па сваёй ці па ўказцы зверху), тым самым кампанія парушае грамадзянскія і палітычныя правы чалавека ў адносінах да сваіх работнікаў.

Бізнэс і правы чалавека — стандарты, якія рэгулююць адносіны паміж бізнесам і чалавекам (работнікам, кліентам, мясцовымі супольнасцямі), якія ўзнікаюць непасрэдна пры вытворчым цыкле або іншым працэсе здабывання прыбытку.

Сёння ацэнка і прадухіленне рызык парушэння правоў чалавека ў камерцыйнай дзейнасці — сусветны трэнд, стандарт і прававая рамка вядзення бізнэсу ў развітых юрысдыкцыях. Стандарт грунтуецца на кіруючых прынцыпах прадпрымальніцкай дзейнасці ў аспекце правоў чалавека, прынятых ААН у 2011 г. Іх палажэнні ўкаранёныя ў палітыкі многіх міжнародных галіновых асацыяцый, міжнародных кампаній, стандарты міжнародных фінансавых інстытуцый (Сусветны банк, МФК, ЕБРР). Шэраг краін-членаў ЕС (Францыя, Нарвегія, Германія і інш.) ужо прынялі нацыянальныя законы, якія патрабуюць ад кампаній адсочваць парушэнні правоў чалавека ў сваіх ланцужках паставак, у тым ліку і ў адносінах з кампаніямі-нерэзідэнтамі. Рыхтуецца і хутка будзе прынята дырэктыва ЕС аб ​​належнай абачлівасці ў сферы правоў чалавека, якая будзе датычыцца і адносін з кампаніямі-нерэзідэнтамі ЕС. Кампанент правоў чалавека змяшчаецца ў стандартах бізнес-этыкі, прынцыпах ESG і ўстойлівага развіцця, Глабальнага Дагавора ААН (Global Compact), стандартах якасці (ISO) і стандартах справаздачнасці (МФСА, GRI).

Папярэдні матэрыял
У Літве затрымалі беларускія цыгарэты на €2,5 млн, якія перавозіліся ў эстонскіх вагонах
Наступны матэрыял
Зорка TikTok, знакаміты турэцкі повар палятаў на беларускім самалёце

Iншыя матэрыялы