Офіс Святланы Ціханоўскай запусціў відэаверсію праекта «Пражэктар рэгіёнаў». У першым выпуску каманда распавядае пра сітуацыю ў Лідзе, дзе супрацоўнікаў сеткі крамаў «Родны кут», без іх згоды, падпісваюць на прафсаюзныя газеты, выдаюць частку заробкаў сертыфікатамі на прадукты і нават не выдаюць працоўныя дамовы.
Галоўны ідэолаг збірае грошы на Чырвоны крыж» і Беларускі фонд міру, кажа: «Не здадзіце грошы — я знайду юрыдычны аспект, за што можна вас іх пазбавіць. Дапусцім, вы з абеду на хвіліну спазніліся ці нешта не выканалі. Я пазбаўлю вас, як належыць, па законе, і знайду гэты пункт у дамове».
Грошы патрабуюць не толькі на розныя фонды, але і на мясцовую прэсу — «Весці спажыўкааперацыі». Падпіска каштуе 60 рублёў на год. Тым, хто адмовіўся падпісацца на газету, яна ўсё роўна прыйшла на хатні адрас, а грошы былі ўзятыя з заробку. Калі правяраючыя знайшлі недахопы і далі штраф — гэтую суму таксама ўтрымліваюць з заробкаў работнікаў. Частку заробку ўтрымліваюць, выдаючы замест 50 рублёў сертыфікат крамы «Родны кут», каб работнікі нават прадукты харчавання куплялі ў гэтай сеткі. А кошты на некаторыя тавары там прыкметна вышэй, чым у іншых крамах.
Пры гэтым нават абяцаны ў вакансіях узровень зарплаты работнікаў прадпрыемства складае 450-650 рублёў у месяц.
«Пражэктар рэгіёнаў» быў запушчаны офісам Святланы Ціханоўскай у красавіку 2021 года з мэтай праліць святло на маштабы крызісу ў краіне. Спачатку гісторыі пра рэпрэсіі, банкруцтва прадпрыемстваў, нявыплату заробкаў, сутыкненні з адміністрацыйным свавольствам і фактамі карупцыі, якія дасылалі ў тэлеграм-бот праекта, публікаваліся ў самвыдатах па ўсёй краіне, выходзілі ў тэлеграм-каналах і на сайце Ціханоўскай. Цяпер з’явілася і відэаверсія.