Святлана Ціханоўская: «Нельга ставіць знак роўнасці паміж беларусамі і памагатымі рэжыму»

Офіс Святланы Ціханоўскай
4 хв.

На русском языке: Светлана Тихановская: «Нельзя ставить знак равенства между беларусами и пособниками режима»

Нацыянальна лідарка Святлана Ціханоўская адрэагавала на вета прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы, якое ён наклаў на закон Сейма:

«З самага пачатку мая каманда працавала для таго, каб абараніць правы беларусаў і зрабіць гэтыя абмежаванні менш жорсткімі. Мы падымалі гэтыя пытанні з МЗС і МУС Літвы, літоўскімі дэпутатамі.

Па нашай прапанове ў апошнім законапраекце былі змякчаныя абмежаванні да беларусаў, і большасць дэпутатаў гэтыя прапановы падтрымала. Таксама я накіравала ліст прэзідэнту Наўседу з тлумачэннем, што абмежаванні не павінны закранаць беларусаў.

Я перакананая, што нельга ставіць у адзін шэраг беларусаў і памагатых рэжыму, і нельга караць беларусаў за дзеянні рэжыму. Гэта Расія з дапамогай рэжыму Лукашэнкі пачала вайну, у той час як беларусы змагаюцца на баку Украіны, рызыкуюць сваім здароўем, свабодай і жыццём, праводзячы партызанскія акцыі ў Беларусі. Беларусы за мяжой супрацоўнічаюць з украінцамі, праводзяць антываенныя акцыі, ствараюць ініцыятывы і суполкі, якія дапамагаюць беларусам унутры краіны змагацца з дыктатурай, нягледзячы на жахлівыя рэпрэсіі і тэрор. Беларусы перавозяць бізнесы ў Літву, якія ўваходзяць у топ падаткаплатнікаў, і ўносяць важкі ўклад у эканоміку Літвы. Нарэшце, беларусы робяць свой унёсак і ў будучую перамогу Украіны.

Безумоўна, мы вельмі цэнім усю падтрымку, якую Літва аказвала і працягвае аказваць у нашай барацьбе за дэмакратычную еўрапейскую будучыню Беларусі. І мы разлічваем на ўзважанае рашэнне літоўскага кіраўніцтва і літоўскага парламента, каб працягваць умацоўваць сувязі паміж нашымі народамі, а не будаваць паміж імі муры».

Папярэдні матэрыял
Рыхтэр: «Мы працуем з дэпутатамі Сейма і тлумачым, што ўвядзенне больш жорсткіх абмежаванняў у дачыненні да беларусаў непрымальна»
Наступны матэрыял
Вучэнні УС РБ/РФ у Беларусі прадоўжаныя прынамсі да 24 красавіка

Iншыя матэрыялы