Тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай апублікаваў яе віншаванні беларускаму народу з нагоды 30-й гадавіны незалежнасці Беларусі.
«Шаноўныя беларусы! Сёння ў нас важны дзень: 25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет Беларусі надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закону, што азначала абвяшчэнне незалежнасці краіны. Гэты дзень мусіў быць у Беларусі святочным і радасным – але сустракаем мы юбілей Незалежнасці пад пагрозай яе страты, у атмасферы рэпрэсій.
Тысячы патрыётаў нашай краіны расплаціліся ўласным лёсам за мару бачыць яе незалежнай – у сталінскім ГУЛАГу, у Курапатах, на вулічных пратэстах і зараз у турме. Але для ўсіх нас яны – гэта прыклад змагання за лепшую долю свайго народу. Нам варта памятаць усю нашую гісторыю, каб выпадковыя ва ўладзе людзі не мелі магчымасці яе перапісваць.
У той час, як іншыя краіны Ўсходняй Еўропы ўмацоўвалі сваю дзяржаўнасць, ішлі па шляху рэформаў, стваралі добрыя ўмовы для жыцця людзей, былы прэзідэнт Беларусі імкнуўся спыніць ход гісторыі, скарыстаць перавагі незалежнасці толькі дзеля замацавання сваёй улады.
У жніўні 2020-га сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы гарадоў і вёсак Беларусі і ўзнялі той самы бел-чырвона-белы сцяг, пад якім абвяшчалася незалежнасць у 1918-м і аднаўлялася ў 1991-м. І гэтае імкненне да волі, да свабоды ў нашых душах ужо не знішчыць ніякімі рэпрэсіямі. Бо лёс Беларусі залежыць ад таго, наколькі кожны з нас адчуе ўласную адказнасць за сваю краіну. Далучайцеся да ініцыятыў, якія дапамагаюць пратэсту і беларусам, пішыце лісты палітвязням, беражыце нашую мову і нашыя нацыянальныя сімвалы.
Сёння я віншую вас, дарагія беларусы – з верай у тое, што наша радзіма будзе вольнай, і заможнай. А галоўнае – што яна захавае сваю незалежнасць.
Жыве Беларусь!»