Святлана Ціханоўская пракаментавала прысуд Сяргею Ціханоўскаму

Прэс-служба Святланы Ціханоўскай
5 хв.

In English: Sviatlana Tsikhanouskaya commented on the verdict to Siarhei Tsikhanouski
На русском языке: Светлана Тихановская прокомментировала приговор Сергею Тихановскому

Гомельскі абласны суд сёння вынес прыгавор фігурантам «справы Ціханоўскага» па якой Сяргея Ціханоўскага прыгаварылі да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Лідар беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская пракаментавала выданню Deutsche Welle вынясенне прысуду яе мужу.

«Я не правяду сённяшні дзень у слязах толькі таму, што была агучаная такая лічба. Я правяду гэты дзень у працы, разумеючы, што кожны мой крок, кожны крок беларусаў набліжае нас да таго дня, калі Сяргей будзе вольны. Ні Сяргею, ні Мікалаю Статкевічу, ні Машы Калеснікавай, ні Уладзіміру Цыгановічу не стане лягчэй ад таго, што мы будзем увесь дзень думаць аб тым, якое гора. Гора ўжо даўно.

Я не буду расказваць аб прыгаворы дзецям, таму што я не веру ў тое, што мае дзеці будуць расці без бацькі. Нашая дачка занадта малая, каб разумець, што такое турма і што такое прысуд. Яе любімы тата будзе таксама працягваць адпраўляць ёй паштоўкі і пасылкі на святы. Сыну таксама не скажу. Ён ужо ў тым узросце, калі мог бы зразумець, але забіраць веру ў дзіцяці я не буду», — сказала Святлана Ціханоўская.

Усіх шасцярых фігурантаў «справы Ціханоўскага» асудзілі ў закрытым рэжыме ў гомельскім СІЗА. Гомельскі абласны суд вынес прысуд Сяргею Ціханоўскаму – 18 гадоў пазбаўлення волі, Мікалаю Статкевічу 14 гадоў, аўтару тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозгf» Ігару Лосіку і аўтара ютуб-канала MozgON Уладзіміру Цыгановічу па 15 гадоў, аператару «Краіны для жыцця» Арцёму Сакаву і мадэратару сацсетак «Краіна для жыцця» Дзмітрыю Папову – па 16 гадоў.

Усе палітвязні будуць адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, іх абавязалі выплаціць 2,5 мільёна рублёў кампенсацыі за нібыта нанесеную імі шкоду.

Папярэдні матэрыял
Ініцыятывы by_help, «Беларуcам.рl» і Media Solidarity Belarus прызнаныя экстрэмісцкімі фарміраваннямі
Наступны матэрыял
Жонка асуджанага на 15 гадоў Ігара Лосіка выпусціла рэзкі зварот да Лукашэнкі

Iншыя матэрыялы