In English:
Alaсhnovič and Chaly told whether it’s possible to wait out the economic crisis
На русском языке:
Алехнович и Чалый рассказали, удастся ли «пересидеть» экономический кризис
Крызісы ў Беларусі — не рэдкасць. За апошнія 11 гадоў гэта ўжо чацвёрты па ліку. Што ж змянілася і чаму ўладзе не атрымаецца ў чарговы раз яго пераседзець? Учора Святлана Ціханоўская правяла стрым з эканамістамі Алесем Аляхновічам і Сяргеем Чалым. Тэзісна публікуем найважнейшыя словы экспертаў.
Мяркуючы па ўзроўні заробкаў і абменным курсе, эканоміку Беларусі не асабліва трасе. Як жа крызіс адбіваецца на фінансавым самаадчуванні звычайных беларусаў?
— Склалася парадаксальная сітуацыя, калі знешне спрыяльныя лічбы, якія склаліся з-за спрыяльнай знешняй эканамічнай кан’юктуры, маскіруюць абсалютна ненармальную сітуацыю ўнутры, — лічыць Сяргей Чалы. — Кошты растуць, выдаткі спажывецкія растуць, праблема з вонкавым доўгам нікуды не падзелася, сродкі трэба дзесьці знаходзіць. Неабходна іх вымаць з эканомікі, што яшчэ больш душыць эканамічную актыўнасць унутры краіны.
Па словах Алеся Аляхновіча, беларусы ўжо паспелі адчуць на сабе крызісныя з’явы, і гэта відавочна па іх эканамічных паводзінах.
— Кошты растуць і растуць хутчэй там, дзе іх рэгулюе дзяржава, — пацвярджае Алесь Аляхновіч. — Калі кошты падняліся на 1,5%, то заробкі скараціліся на 3,5% за 2 месяцы. Замарозіліся інвестыцыі IKEA, «Газпрама», «Слаўкалія», няма інвестыцый — няма працоўных месцаў, няма заробку для людзей. Людзі не давяраюць беларускай валютнай сістэме — выносяць грошы з банкаўскіх дэпазітаў. За апошнія 14 месяцаў беларусы вынеслі $2 млрд. валютных дэпазітаў. Гэта 30% усіх дэпазітаў.
У адрозненне ад папярэдніх крызісаў, гэты крызіс найперш палітычны. Эканоміка пакутуе ў выніку палітычных рашэнняў кіраўніцтва краіны.
— У такой атмасферы бізнэс не хоча інвеставаць, а людзі баяцца марнаваць грошы на нешта, акрамя тавараў першай неабходнасці, — кажа Алесь Аляхновіч.
На думку Сяргея Чалага, у адрозненне ад папярэдніх, выхад з гэтага крызісу немагчымы без змены ўлады.
— У людзях адбыўся пералом, людзі не давяраюць уладзе і не прымаюць яе. Улада робіць усё, каб раскалоць грамадства на сваіх і на чужых. У такой атмасферы немагчыма будаваць эканоміку, сучасную медыцыну, IT, адукацыю. Гэты крызіс не вырашыцца, пакуль не вырашыцца яго прычына — адсутнасць легітымнасці ва ўладзе.
Улада ўжо спрабуе выйсці з крызісу, падвышаючы падаткі для насельніцтва, але па словах Сяргея Чалага, гэта касметычная мера:
— Выгады ад гэтых мер у плане павелічэння даходаў бюджэту істотна менш, чым негатыўныя наступствы. Чыноўнікі разумеюць, што павелічэнне падаткаў выкліча сацыяльнае напружанне, а бюджэт збярэ капейкі, але ім даводзіцца гэта рабіць з дэкаратыўных меркаванняў — каб паказаць, што яны хоць нешта робяць. Нельга знайсці грошы з паветра. Трэба кагосьці абрабаваць, і гэта верне Беларусь у лепшым выпадку да сітуацыі вострага валютнага крызісу 2011 года, у горшым — да эканамічнай сітуацыі 90-х гадоў, калі такія паводзіны дзяржавы былі нармальныя.
Учора Лукашэнка і Пуцін падпісалі дэкрэт аб рэалізацыі дамовы аб Саюзнай дзяржаве. Гэта ўсхвалявала многіх беларусаў — што, калі інтэграцыя ў бліжэйшы час і праўда пойдзе поўным ходам? На думку Сяргея Чалава, з 2005 года амаль усе подпісы пад інтэграцыйнымі дакументамі з’яўляюцца рытуальнымі.
— Саюзная дзяржава была пахаваная яшчэ ў 2005 годзе, калі бакі натыкнуліся на пытанні, па якіх немагчыма дамовіцца. Зімой 2006 года пачалася першая газавая вайна. Гэтая тэма выпадкова вярнулася ў палітычны і эканамічны дыскурс канца 2018 года. Гэта была імправізацыя Пуціна, з таго часу нічога новага не прыдумалі. Як у 2005 годзе ўперліся ў некалькі прынцыповых пытанняў, так яны і не вырашаны да гэтага часу. Ніякага пасоўвання няма, няма імкнення да аб’яднання бюджэту, цэнтрабанкаў. Усё, што зараз падпісваецца — проста рытуальныя дзеянні.