Меркаванне. Аляксандр Фрыдман пра праект закона аб «генацыдзе беларускага народа»

Аляксандр Фрыдман
3 хв.

In English: Opinion. Alexander Friedman on the draft law on the «Genocide of the Belarusian people»
На русском языке: Мнение. Александр Фридман о проекте закона о «геноциде беларусского народа»

Гісторык Аляксандр Фрыдман у сваім тэлеграм-канале апублікаваў меркаванне пра новы праект закона аб «генацыдзе беларускага народа» і рэакцыі на ягоныя словы ад беларускай прапаганды. Прыводзім яго словы без зменаў.

Апублікаваны праект закона аб «генацыдзе беларускага народа», які ўнесла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч.

Праект не толькі ставіць крыж над непрадузятым даследаванні гісторыі вайны ў Беларусі, але і прадугледжвае драконаўскія штрафы. За адмаўленне «генацыду беларускага народа» можа рушыць услед турэмнае пакаранне тэрмінам да 5 гадоў (а паўторна да 10 гадоў), а «беларускім народам» абсурдна называюць грамадзян, якія жылі на тэрыторыі БССР у перыяд вайны і пасляваенны перыяд.

Такім чынам рэжым Лукашэнкі «прысвойвае» сабе ахвяраў Халакосту, абвяшчаючы іх у прапагандысцкіх мэтах «беларускім народам»: словы «габрэі» і «Халакост» у праекце Ананіч чакана адсутнічаюць. І гэтае чарговае найгрубейшае скажэнне гісторыі і звыклы ў Беларусі здзек з памяці ахвяр Халакоста.

Мой каментар праекту Ананіч выклікаў істэрыку ў прапагандыстаў. І гэта вельмі добра!

Меркаванне. Аляксандр Фрыдман пра праект закона аб «генацыдзе беларускага народа»

Скрыншот з тэлеграм-канала «Жоўтыя слівы»

Пры гэтым хачу яшчэ раз падкрэсліць галоўны аспект: гэтым праектам рэжым Лукашэнкі аб’яўляе ахвярамі «генацыду беларускага народа» фактычна ўсіх людзей, якія загінулі падчас вайны ад рук нацыстаў і іх памагатых на тэрыторыі Беларусі.

І гэта наўмысная прапагандысцкая падробка ў пагоні за максімальна вялікай колькасцю ахвяр: габрэяў, цыган, пацыентаў псіхіятрычных клінік і іншых асоб пераследвалі і забівалі не па той прычыне, што яны былі часткай «беларускага народа», а менавіта як габрэяў, цыган і г.д. . І «беларускім народам» гэтыя людзі (перш за ўсё габрэі) сябе таксама, як правіла, не лічылі. Сённяшняя спроба ўпісаць іх у «беларускі народ» – наўмыснае скажэнне гісторыі вайны і спроба амаральнай дыктатуры замаўчаць трагедыю гэтых людзей.

І яшчэ трэба адзначыць, што ў аўтараў праекта не хапіла розуму (аб сумленні ў выпадку Ліліі Ананіч, якая і сітуацыю на мяжы Беларусі і Польшчы называе «генацыдам», казаць сэнсу няма ў прынцыпе) закамуфляваць сваю выхадку спрэчнай, але адносна нейтральнай фармулёўкай «генацыд народаў Беларусі». Ім патрэбен менавіта «генацыд беларускага народа».

Папярэдні матэрыял
Паўтор санкцыйнай гісторыі ў Расіі: Эканаміст расказвае, як эмбарга адаб'ецца на беларусах
Наступны матэрыял
Меркаванне. Арцём Шрайбман пра адстаўку Лідзіі Ярмошынай

Iншыя матэрыялы