In English:
Opinion. Belarusian Order on a non-civil war
На русском языке:
Мнение. «Белорусский порядок» о негражданской войне
Тэлеграм-канал «Беларускі парадак» апублікаваў пост пра неграмадзянскую вайну. Прыводзім іх словы без зменаў.
Упэўнены, шмат хто заўважыў якасны пераход, які адбыўся ў рыторыцы рэжыму за апошнія некалькі дзён. Мат у прамым эфіры, пагрозы і татальная дэгуманізацыя апанентаў нагадваюць ужо не абыякавае дзяржТБ саўковага аўтарытарызму, а Радыё тысячы халмоў у Руандзе перад пачаткам бойні.
Хтосьці называе працэсы падрыхтоўкай да Грамадзянскай вайны, але гэта не зусім карэктны тэрмін. У Грамадзянскай вайне паміж сабой ваююць дзве парытэтныя па сваім складзе і памеры часткі грамадства, падзеленыя альбо класава, альбо ідэалагічна. У нашым выпадку такога не назіраецца.
Ёсць радыкальная меншасць, якая ўтрымлівае ўладу з дапамогай гвалту, часова карыстаецца пасіўнай падтрымкай часткі насельніцтва ў абмен на сацыяльныя плюшкі. Змяні парадак на любы іншы, які выконвае сацыяльныя абавязальніцтвы, — гэтая катэгорыя працягне займацца сваімі справамі і нават не ўспомніць таго Лукашэнку. Ідэі там няма і не будзе, неабыякавых зусім няшмат, мабілізацыйны патэнцыял у канформнай масы невысокі.
Пры гэтым ёсць значная частка насельніцтва, якую гэты парадак дня не задавальняе і яны гатовы з ім змагацца, але ўтрымліваюцца тым жа гвалтам. Прыбяры гэты фактар – уздым будзе ўмомант, і рэжым хутка атрымае граблямі па лбе. Капітуляваць гэтая частка грамадства не збіраецца, на калабарацыю ідзе абмежавана і толькі дзеля выжывання. Гэта сапраўды гэтак жа выключае любую магчымасць разрадкі і дыялогу.
Такім чынам, правільна называць падзеі, якія адбываюцца, не вялабягучай Грамадзянскай вайной, а рэжымам унутранай акупацыі. Бо ўсе прыметы ў бягучага рэжыму менавіта такія:
- адсутнасць пераважнай палітычнай падтрымкі;
- апора на гвалт;
- часовасць (вузкі гарызонт планавання, выкананне толькі бягучых задач для ўтрымання кантролю);
- дыскрымінацыя нелаяльнай часткі насельніцтва;
- знішчэнне мясцовай суб’ектнасці і замяшчэнне сваімі канструктамі.
Для прыкладу: база «БЕСпарадкі», звальненні па палітычных прычынах, вымушаная эміграцыя (яе можна разглядаць як форму дэпартацыі, людзі з’язджаюць не па сваёй волі). Нядаўна была агучаная прамая забарона на прафесію для часткі дзяржслужачых і замяшчэнне іх адстаўнымі сілавікамі:
Што да людзей з іншымі поглядамі або нават нявызначыўшыхся, то Прэзідэнт на гэты конт даў даручэнне: «Ваша задача: калі такія ў гэтых структурах засталіся, неадкладна да новага года зачысціць».
Нават тэрміналогія, якая выкарыстоўваецца – «бандыты», «бандыцкае падполле», «тэрарысты» – адзін у адзін паўтарае рыторыку нямецкай адміністрацыі ў дачыненні да партызан. Падмацоўваецца гэта варожым стаўленнем да беларушчыны ў любой яе праяве і прыраўноўванне яе да нацызму.
«Каб перамагчы бчб-тэрарызм, трэба знішчыць яго ідэалогію, зламаць ёй хрыбет, цалкам разграміць яе носьбітаў. Таксама, як гэта было зроблена ў 1944 годзе з іх ідэйнымі папярэднікамі. Корань зла – менавіта нацыяналізм і бчб-ідэалогія. Таму ніякіх больш з імі кампрамісаў. Толькі татальная зачыстка».
І піша гэта не паехаўшы рускі нацы, а цалкам сабе беларускі дзяржаўны ідэолаг. Так што не здзіўлюся, калі ў рамках «барацьбы з нацызмам» паступіць прапанова зрабіць вывучэнне беларускай мовы факультатыўнай. Падручнікі гісторыі таксама перапісваюцца поўным ходам. Хутка нацыянальнага ў фармальна незалежнай рэспубліцы будзе менш, чым у якім-небудзь суб’екце РФ.
Што будзе далей – прадбачыць няцяжка. Рэжым унутранай акупацыі зробіць усё магчымае, каб знішчыць ядро беларускай нацыі за найбліжэйшыя некалькі гадоў. І магчымасці барацьбы палітычнымі метадамі на дадзеным этапе вычарпаны.
А неабыякавыя беларусы пастаўлены перад складаным выбарам:
- эвакуацыя;
- унутраная эміграцыя (дзе не пакіне ў спакоі эканоміка);
- супраціў.
Вырашаць кожны будзе для сябе сам, але выбар давядзецца зрабіць. Гэтаксама, як яго зрабілі Андрэй Зэльцэр, Мікалай Аўтуховіч, Ігар Аліневіч і дзясяткі тысяч іншых беларусаў, якія сутыкнуліся з бязмежжам і несправядлівасцю. Уся гэтая гісторыя пачалася з барацьбы за права выбару. Гэтым жа яна і скончыцца.