На русском языке:
Мнение. «Белорусский порядок» о настоящем фашизме
Аўтар тэлеграм-канала «Беларускі парадак» апублікаваў пост пра схаваныя падтэксты ў прамовах рэжымных ідэолагаў. Прыводзім яго словы без зменаў.
Вось што зручна ў апошні час, што рэжымныя ідэолагі скінулі маскі і выстаўляюць сябе такімі, якімі яны ёсць. Ужо не трэба шукаць падвойнае дно, каб паказаць схаваныя падтэксты. Усе пішуць адкрыта і сумленна.
Далей працытую рэфлексію аднаго ідэолага-жраца пасля спрэчак з расійскімі куратарамі, што намякаюць: маўляў, час ужо ўвесці ў БССР хоць бы імітацыю палітычнага працэсу. Ну там фэйкавыя партыі ў кастрыраваным парламенце, ручная апазіцыя, псеўдавыбары і псеўдакандыдаты, каб усё як у людзей. А то ў нас настолькі абуральна цёмная дыктатура, што нават крэмлядзі крыху няёмка з імі мець справу. Вось яго адказ.
«Я ж звычайна адказваю на гэта тым, што расійскае грамадства крыху іншае, яно складаней і больш фрагментаванае. У Беларусі ўсё прасцей. […] Прама кажучы, калі Расія хацела б захаваць Беларусь у сваёй сферы ўплыву, то празаходнюю апазіцыю трэба душыць. І тут практычна любая апазіцыя становіцца празаходняй. Нават нібыта з выгляду прарасійская, але яна па сутнасці сваёй лібэральная, а значыць усё роўна глядзіць на Захад.
Апошнія 300 гадоў функцыя падаўлення празаходняй партыі залежала шмат у чым ад Расіі: разгром паўстання Касцюшкі, Каліноўскага, БНР, пранацысцкіх калабарантаў і польскіх нацыяналістаў.
Сёння гэтую функцыю ў саюзе з Расіяй выконвае самастойна ўжо беларуская ўлада. Нязменным застаецца адно – або падаўляеш, або яны бяруць уладу, хай і на непрацяглы час. Трэцяга не дадзена. Гэта значыць, спачатку ідзе зачыстка, а потым ужо дыялогі і дыскусіі з тымі, хто да гэтага гатовы. Так што да фазы тонкага канструявання новай палітычнай структуры нам яшчэ гады два як мінімум. Калі паспешліва да яе пераходзіць, застануцца хвасты і ўсё неўзабаве паўторыцца зноў. А гэтага нельга дапусціць».
Гэта абсалютна неверагоднае ў сваёй шчырасці выказванне, якое цалкам адлюстроўвае погляды рэжымнага ідэалагічнага мэйнстрыму. Тут ёсць адразу некалькі важных прызнанняў.
- Адкрытае прызнанне сваёй акупацыйнай сутнасці. Узровень мясцовай улады – складаназалежны ад метраполіі васал, чый поспех заключаецца толькі ў тым, што ён навучыўся душыць абарыгенаў-паўстанцаў самастойна, без дапамогі акупацыйнага кантынгенту. Тут і заключаны ўвесь сэнс незалежнасці для гэтага рэжыму.
- Прызнанне сваёй чужароднасці. «Любая апазіцыя стане празаходняй». Гэта значыць, улада не адлюстроўвае запытаў грамадства, ні на мадэрнізацыю, ні на дыялог, ні на што б там не было. І разуменне, што ў любы момант народ можа ад насаджанага элемента пазбавіцца. Чаго, вядома ж, дапусціць нельга.
- Пра прыраўноўванне Каліноўскага і БНР да нацыстаў тут і казаць няма чаго. У парадыгме ідэалагічнай камарыллі беларусаў як нацыі няма, ёсць дрэнна выхаваны асколак вялікарускага народа, які сапсавалі палякі. І пад выглядам барацьбы з «польскім уплывам» будзе вычышчаць усе, што вызначае ідэнтычнасць беларусаў.
- «Зачыстка, а потым дыялог». Гэта, прабачце за патасканы ярлык, ужо адкрыты фашызм. Дыялог з пятлёй на шыі, калі што не так – выбіваюць табурэтку.
Можна, вядома, спісаць, што гэта прыватнае выказванне вядомага змагара з фафызмам, які сам у свой час тусаваўся са свастыкай на шаўроне. Але напісанае цалкам сугучна з тым, што прамаўляюць астатнія гаваркія галовы і ідэолагі: Гігін, Шаўцоў, Шпакоўскі, Пятроўскі, Аўдонін і астатнія. Гэта пазіцыя, якая прама зараз паслядоўна рэалізуецца ў дзяржаўнай палітыцы.
Для чаго я пішу? Ворага трэба ведаць у твар і разумець. Ён можа хавацца пад тысячамі масак, мімікруючы то пад праваслаўных атэістаў, то пад канструктыўную апазіцыю, то пад зашчытнікаў суверэнітэту. Але пад маскай будзе хавацца бязлітаснае мурло, без веры і прынцыпаў.
Дыялог з імі немагчымы. Гэта трэба выразна засвоіць тым, хто думае, што калі выкінуць белы сцяг і спыніць супраціўляцца, яны пойдуць на саступкі. Не пойдуць. Яны будуць дабіваць, душыць, і не даваць падняцца.
Я не бачу метадаў вырашыць праблему палітычнымі метадамі. Ім прапаноўваўся дыялог, яны яго не чулі. Практыка паказала, што адзіны адказ, які яны здольныя пачуць, ім даў Андрэй Зэльцэр.