На русском языке:
Мнение. Comm Беларусь про 9 тысяч онкобольных, которых «вылечил» коронавирус в 2020 году
Тэлеграм-канал Comm Беларусь апублікаваў пост пра тое, як магла атрымацца нізкая статыстыка захворвання на анкалогію ў 2020 годзе і пры чым тут каранавірус. Прыводзім меркаванне без зменаў.
Раней каранавірус «лячылі» трактарам, а цяпер анкалогію «лечаць» каранавірусам. Вы ўсе, напэўна, ужо ў курсе новага «навуковага адкрыцця», якое зрабіў акадэмік усіх навук. Аказваецца, каранавірус нібыта лечыць анкалогію. І гэта не жарт. У той час як расійскія анколагі кінуліся аспрэчваць словы Лукашэнкі, БТ каб неяк пацвердзіць гэтае «адкрыццё», прыцягвае ўжо цэлага намесніка дырэктара РНПЦ АМР [анкалогіі і медыцынскай радыялогіі – заўв. рэд], а яго словы ставіць канал Міністэрства аховы здароўя. Толькі вось незразумела, якія высновы насельніцтва павінна рабіць з гэтых заяў? Што пандэмія гэта добра і анкахворым варта перахварэць?
«Гіпотэзу» пра тое, што каранавірус лечыць анкалогію нібыта даказвае той факт, што колькасць выяўленых анкахворых знізілася (гэта сапраўды так: у 2019 годзе было выяўлена 41 923 новых пацыентаў са злаякаснымі пухлінамі, у той час як у 2020 годзе –33 641 чалавек). Але відавочна, што зніжэнне гэта было абумоўлена зніжэннем колькасці скрынінгавых абследаванняў (якое, напрыклад, у ЗША ў нейкі момант скарацілася на 90% з-за пандэміі COVID-19). То бок банальна менш людзей абследуецца і ў меншай колькасці людзей выяўляюцца пухліны, у сувязі з тым, што вялікія рэсурсы аховы здароўя кінутыя на барацьбу з каранавірусам.
Таму лічбы выяўленых захворванняў не паказваюць рэальныя. Што паказвае – гэта смяротнасць. Бо скрынінгі зменшыліся, але на смяротнасць гэта ніяк не паўплывала – анкахворыя як паміралі, так і паміраюць, а патолагаанатамы як рэгістравалі, так і працягваюць рэгістраваць прычыны смерці. Таму найбольш рэлевантны паказчык – гэта менавіта паказчык смяротнасці ад анкалагічных захворванняў. Але дадзеныя па смяротнасці, як вы памятаеце, у Беларусі засакрэчаныя. Вы самі можаце пераканацца, адкрыўшы зборнік Міністэрства аховы здароўя. Лічбы па захворваннях там прыведзены за 2020 год, у той час як лічбы па смяротнасці – за 2019 г.
Напрыклад, у Расіі і Украіне, дзе статыстыка пра смяротнасць даступная, смяротнасць ад анкалогіі не змянілася: у 2019 годзе ў РФ яна складала 200,6 памерлых на 100 тыс., а ў 2020 годзе – 199,0 памерлых на 100 тыс. чал. Ва Украіне у 2019 годзе памерла 197,3, а ў 2020 годзе – 199,2 на 100 тыс. Чалавек. То бок як была смяротнасць ад анкалогіі 2 ‰, так і засталася. Ва Украіне крыху вырасла. Зніжэнне ў РФ на 1,6%, хутчэй за ўсё, было абумоўлена высокай смяротнасцю анкахворых ад каранавіруса (частка анкахворых раней загінула ад каранавіруса, у той час як пры нармальных умовах яны памерлі б ад асноўнага захворвання крыху пазней). Бо насамрэч, анкахворыя заканамерна больш схільныя рызыцы як заразіцца, так і рызыцы памерці ад COVID-19, у сувязі са зніжанай імунарэактыўнасцю. Па дадзеных СААЗ, узровень смяротнасці сярод пацыентаў з COVID-19 з анкалагічным захворваннем у якасці спадарожнага захворвання склаў 7,6% у параўнанні з 3,8% для ўсіх пацыентаў. У Кітаі паведамлялася, што ўзровень смяротнасці анкалагічных хворых, якія заразіліся вірусам SARS-CoV-2, складае 6% у параўнанні з 1% для здаровых людзей. Увогуле, усе даследаванні паказваюць аднолькавую карціну. Але ў Беларусі няма даследаванняў. Няма нармальнай статыстыкі. А дзе няма статыстыкі – там няма доказнай медыцыны.
Ілюстрацыя: Comm Беларусь
Але давайце ўсё ж паглядзім на статыстыку, якая ў нас маецца. У зборніку Міністэрства аховы здароўя прыведзеныя звесткі пра колькасць кантынгенту пацыентаў са злаякаснымі пухлінамі на канец 2020 года. Гэтая лічба адлюстроўвае агульную колькасць анкахворых, якія пражываюць у Беларусі на 1 студзеня. Параўнаем гэтую колькасць з дадзенымі за мінулыя гады, а таксама з дадзенымі аб захворванні, мы выяўляем, што апошнія гады колькасць выбываючых з дадзенага кантынгенту (колькасць кантынгенту на пачатак года плюс колькасць выяўленых анкахворых за год мінус колькасць кантынгенту на канец года) складала 26- 28 тыс. чалавек, з іх 13-14 тыс. паміралі ад асноўнага захворвання (анкалогія), астатнія – памерлыя ад іншых захворванняў, а таксама тыя, хто ачуняў. Але ў 2020 годзе выбыла амаль 38 тыс. пацыентаў, на 9 тыс. больш, чым у 2019 годзе – відавочны рэзкі скачок. З вялікай верагоднасцю, гэта і ёсць наступствы «лячэння» каранавірусам.