На русском языке:
Мнение. Егор Лебедок о третьей мировой войне
Аглядальнік Ягор Лебядок у сваім тэлеграм-канале аналізуе, як эскалацыя канфлікту з мігрантамі на мяжы Беларусі і Еўрасаюза можа прывесці да трэцяй сусветнай вайны і чаму гэта малаверагодны сцэнар. Прыводзім яго словы без зменаў:
Паколькі ініцыятыва дзеянняў з нелегальнымі мігрантамі ў дачыненні да Літвы зыходзіла з Беларусі, то «дзеянні ў адказ», на якія нібыта Літва змушае Лукашэнку, хутчэй варта ўспрымаць, як пагрозу далейшай эскалацыі на гэтым напрамку. Прасцей кажучы, паколькі першапачатковая пагроза з патокам мігрантаў не спрацавала ў поўнай меры (Літва пачала адказваць і дасягнула пэўных поспехаў), то цяпер ідзе «павышэнне ставак» па стылістыцы падобнай да гульні ў покер.
У кантэксце павышэння ставак у гульні, можна разглядаць і заяву Лукашэнкі ўчора (не адзін раз на працягу гаворкі), што падзеі ў Беларусі, аналагічныя жнівеньскім у большым маштабе, могуць прывесці да трэцяй сусветнай вайны, з пасылам што таму і гвалт апраўданы ў дачыненні да людзей (захавалі мір ва ўсім свеце) і пасыл захаду – не падтрымліваць людзей, а то ў крайнім выпадку пачнём вайну, у якой «пераможцам будзеце не вы».
Пагроза трэцяй сусветнай, калі ў яе верыць Лукашэнка і ягоныя прыхільнікі, небяспечная памылка. У тым жа Генеральным штабе УС Беларусі і той жа Вольфавіч выдатна ведае, што разам са стратэгіямі глабальнага ўдару, адначасовых шматсферных аперацый на сусветным ТВД і г.д. для вядзення маштабнай вайны, распрацоўваюцца і варыянты абмежаваных канфліктаў з праціўнікам, прыблізна роўным па сілах (ЗША, Кітай, Расія), асабліва ў шэрых зонах.
Канфлікт у нашым рэгіёне цалкам чаканы і да яго гадоў 6 актыўна рыхтуюцца як НАТА, так і Расія. Чаканне, што ён адбудзецца, скажам так, не змяншаецца, але з гэтым чаканнем узмоцніцца і разуменне, што дадзены канфлікт не варта даводзіць да сусветнай вайны. Таму, развіваюцца падыходы да абмежаванага канфлікту або абмежавання канфлікту на нашым ТВД (Польшча, краіны Балтыі, Беларусь, у апошні час яшчэ і Украіна, Чорнае мора), можна ўспомніць тую ж расійскую канцэпцыю эскалацыі для дээскалацыі з ужываннем абмежаванага ядзернага ўдару, і ў НАТА свае паходы, уключаючы стварэнне асяроддзя нявызначанасці і канфліктаў у розных рэгіёнах і сферах для стрымлівання маштабу канфлікту, і яшчэ шэраг канцэпцый, не ўсе з якіх агучваюцца. Тое, што з-за нас не пачнецца трэцяя сусветная нават у выпадку баявых дзеянняў з удзелам Беларусі – вельмі верагодна. Пры гэтым у многіх з такіх канцэпцый абмежаваных дзеянняў Беларусь і / або яе сілы будуць ператвораныя ў фарш, а па выніку краіна можа сысці ў той ці іншы бок акупацыі / кіравання (НАТА або РФ), ці горш – падзел краіны на кавалкі аналагічна Рыжскай дамове 1921 года.
Так што пагроза – пачнецца трэцяя сусветная – гучыць хутчэй як «у адказ на вашы дзеянні мы будзем бамбаваць Беларусь» (дарэчы ў сувязі са зменай ваенна-палітычнага становішча ў рэгіёне верагодныя кірункі падлёту ракет да нашай тэрыторыі змяніліся не ў нашу карысць, а ракет для проціпаветранай абароны ў нас не бясконцая колькасць). Калі гэта проста пустаслоўе на ўнутраную групу падтрымкі Лукашэнкі ці як абгрунтаванне правамернасці гвалту і беззаконня, то яшчэ добра, а калі гэта шчырая вера Лукашэнкі ў такі варыянт дзеянняў на выпадак страты ўлады (і «гістарычнага» сыходу з жыцця), то бяда для краіны. Магчыма, вядома, што Захад не стане пераможцам у такой вайне, магчыма і Расія не стане, але дакладна прайграем мы. У такім выпадку надзея толькі на адэкватнасць ваенных і актыўныя дзеянні грамадзян Беларусі.