На русском языке:
Кремлевская и белорусская пропаганда пишет, что Роман Протасевич воевал на Донбассе. Объясняем, почему это ложь
Крамлёўская і беларуская прапаганда ўжо некалькі дзён плодзіць фэйкі аб тым, што Раман Пратасевіч ваяваў на Данбасе. Рэдакцыя motolko.help распавядае, чаму гэта хлусня і хто яе распаўсюджвае.
Па інфармацыі медыяэксперта Сержа Харытонава, адной з першакрыніц дадзенай дэзінфармацыі ў англамоўнай прасторы стаў сайт foiaresearch.net.
У сваіх артыкулах ананімны сайт называе Рамана «neo-Nazi-affine Western-backed regime change activist» (неанацысцкі актывіст, якога падтрымліваў Захад з мэтай змены рэжыму – прыкладны пераклад).
Прапаганда публікавала яго фота ў ваеннай форме, казала, што ён ваяваў на Данбасе ў складзе батальёна «Азоў», а таксама тыражавала фатаграфіі з маршу анархістаў, дзе быў заўважаны Раман. Толькі чамусьці апускаецца той факт, што на фота 2017 год, Раман як журналіст здымаў акцыю анархістаў, а не ўдзельнічаў у нейкай неіснуючай «неанацысцкай арганізацыі «Чорны Блок»», пра якую распавядае ў сваім артыкуле foiaresearch.net. Аднак дайшло да таго, што на іх інфармацыю сталі спасылацца групы падтрымкі Крамля ў Еўропе і невялікія СМІ.
Трохі разабраўшыся, Харытонаў высвятліў, што «аўтарытэтная» крыніца FoiaResearch – гэта партал, які звязаны з прапагандыстамі Крамля.
Усе карты раскрыў сам жа сайт у сваім акаўнце ў Twitter: першыя твіты – гэта рэпосты з акаўнтаў, якія звязаны з RT і «Спутнікам». А менавіта: The Grayzone (створаны ў 2015 годзе кантрыб’ютарам RT і Sputnik Максам Блюменталем), Mint Press News (прасоўвае тэксты RT і Sputnik на Захадзе) і Морган Арцюхіна (кантрыб’ютар Sputnik).
Чаму мы кажам, што гэта хлусня?
Па-першае, не раз ужо было сказана, што Раман на Данбасе не ваяваў, а працаваў ваенным карэспандэнтам. Але казаць – гэта адно, а факты – іншае.
Адразу ж пасля заявы Церцеля, што Пратасевіч нібыта быў «баявіком-наймітам» у складзе батальёна «Азоў», заснавальнік батальёна Андрэй Білецкі заявіў, што журналіст не ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, а прысутнічаў там як рэпарцёр. «Раман сапраўды разам з «Азовам»і іншымі вайсковымі часткамі змагаўся супраць акупацыі Украіны. Але яго зброяй як журналіста быў не аўтамат, а слова», – напісаў Андрэй Білецкі.
Яшчэ больш пераканаўчыя доказы апублікаваў украінскі журналіст Дзяніс Казанскі. У сваім посце ён спаслаўся на сюжэт украінскага інтэрнэт-тэлеканала «Громадське», які выйшаў у сакавіку 2015 года, на відэа паказаныя баі ў Шырокіна, на 04:40 у кадры з’яўляецца Раман Пратасевіч. Ён атрымаў лёгкае раненне, і яму аказваюць дапамогу. Добра відаць, што ў адрозненне ад байцоў «Азова», Раман у цывільным адзенні.