На русском языке:
Чудеса COVID-статистики: тестов все больше, а количество больных не меняется
Выданне «Наша Нiва» звярнула ўвагу на дзівацтвы беларускай COVID-статыстыкі, якую кожны дзень публікуе Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Выданне заўважыла, што колькасць праведзеных тэстаў ніяк не ўплывае на колькасць выяўленых выпадкаў COVID-19.
Учора Міністэрства аховы здароўя РБ паведаміла пра рэкордную колькасць праведзеных тэстаў за суткі – 59 920, якія выявілі 1 998 выпадкаў COVID-19. У той жа час, за апошні тыдзень рэкордная колькасць выпадкаў COVID-19 склала 2097, калі за суткі было праведзена 38 789 тэстаў.
Такім чынам, паміж колькасцю тэстаў і выяўленай колькасцю выпадкаў COVID-19, паводле афіцыйнай статыстыкі, няма ніякай карэляцыі.
Нагадаем, у Беларусі 4-я хваля эпідэміі COVID-19 самая цяжкая за ўвесь час. Рэанімацыі і моргі перапоўненыя, а меры па спыненні распаўсюду віруса фактычна не прымаюцца: школы, сады, прадпрыемствы, забаўляльныя ўстановы і грамадскае харчаванне працуюць у штатным рэжыме, нішто, акрамя страху за ўласнае здароўе і адказнасці за навакольных, не стымулюе людзей вакцынавацца і насіць маскі. Аб’явы пра неабходнасць такіх мер у разгар 4-й хвалі зніклі з грамадскіх месцаў па распараджэнні Лукашэнкі. Урачы, якія з’ехалі з Беларусі з-за рэпрэсій, лічаць, што рэальныя лічбы па захваральнасці і смяротнасці перавышаюць афіцыйную статыстыку Міністэрства аховы здароўя ў дзясяткі разоў.