Улады ліквідуюць беларускі камітэт міжнароднай арганізацыі ICOMOS, што займаецца аховай гісторыка-культурных помнікаў па ўсім свеце, паведамляе «Еўрарадыё». У Беларусі арганізацыя займаецца праблемамі захавання і рэканструкцыі гістарычных аб’ектаў. Беларускі камітэт ICOMOS працаваў з 2002 года.
Характэрна, што навіна пра яго ліквідацыю супала са зносам аднаго з будынкаў хлебазавода, які чамусьці не меў статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, аднак вынішчаўся пад покрывам ночы.
10 красавіка ў адказ на санкцыі, уведзеныя супраць рэжыму Лукашэнкі, міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей намякнуў на знішчэнне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі: «Любое далейшае ўзмацненне жорсткасці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасць перастане існаваць. І гэта, я лічу, будзе абсалютна абгрунтавана у дадзенай сітуацыі. Грамадзянская супольнасць, пра якую яны [Захад — рэд. Motolko.help] клапоцяцца».
Пасля гэтай заявы беларускія ўлады пачалі масава ліквідаваць некамерцыйныя арганізацыі — нават тыя з іх, якія ніяк сябе не праявілі падчас пратэстаў 2020 года. У стадыі ліквідацыі зараз знаходзяцца, да прыкладу, дабрачынны праект «Імёны», журналісцкая майстэрня «Прэс-клуб», Праваабарончы цэнтр «Human Constanta» і «Офіс па правах людзей з інваліднасцю».