«Збіваюць пры затрыманні і будзяць уначы»: Умовы ўтрымання ў Магілёўскім ІЧУ

mspring.media
7 хв.

In English: «Beaten during arrest and waken up at night»: Prison conditions in Mogilev temporary detention center
На русском языке: «Избивают при задержании и поднимают ночью»: Условия содержания в Могилевском ИВС

Праваабарончы валанцёрскі гурт «MAYDAY» апублікаваў у сваім тэлеграм-канале ананімнае апавяданне аднаго з вязняў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама, які днямі выйшаў на волю. Мужчына ананімна расказаў праваабаронцам пра ўмовы ўтрымання затрыманых па палітычных прычынах.

«Збіваюць пры затрыманні і будзяць уначы»: Умовы ўтрымання ў Магілёўскім ІЧУ

ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама / mspring.media

Затрымліваюць з-за старых постаў і збіваюць пры затрыманні

Мужчына правёў у ІЧУ практычна 2 тыдні і за гэты час яго некалькі разоў пераводзілі ў іншыя камеры, у кожнай з якіх з ім знаходзіліся толькі «палітычныя» — арыштаваныя па арт. 19.11 КаАП РБ (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). У адной з двухмесных камер знаходзілася адразу 7 чалавек.

«Гэта не так кепска, паколькі ў ІЧУ вельмі холадна, а такім чынам ўдавалася надыхаць і сагрэцца», — сказаў мужчына.

Крыніца адзначыла, што большасць затрыманых трапіла ў ІЧУ з-за постаў гадавой даўнасці ў сацсетках, старых instagram-сторыс, а таксама за рэпосты відэа, на якіх прысутнічаў лагатып СМІ, прызнаных «экстрэмісцкімі». Таксама мужчына кажа, што шмат людзей збівалі пры затрыманні. Паводле яго падлікаў, прыкладна кожны другі чалавек, які знаходзіўся з ім у ізалятары, перажыў гвалт з боку сілавікоў. Супрацоўнікі якой структуры білі гэтых людзей, чалавек дакладна ўказаць дакладна не змог.

«У аднаго [з арыштаваных] быў зламаны нос і скула нават. У многіх на целе прысутнічалі сінякі і крывападцёкі. Некаторых білі так, каб не пакінуць слядоў на целе», — кажа мужчына.

Не даюць цёплыя рэчы і будзяць уначы па тры разы

Крыніца распавяла праваабаронцам і пра бытавыя ўмовы ўтрымання ў Магілёўскім ІЧУ. Па словах чалавека, у камерах стаіць холад і больш за ўсё церпяць тыя, каго затрымліваюць раніцай дома, бо людзям не даюць узяць з сабой цёплыя рэчы.

«У адной з камераў са мной знаходзіўся чалавек у майцы. Ніякае цёплае адзенне яму не далі з сабой узяць», — распавёў мужчына.

Таксама арыштаваным па палітычных матывах спецыяльна адключаюць гарачую ваду і не выводзяць на прагулкі, ні пра якія матрацы і пасцельную бялізну таксама гаворкі не ідзе. Спаць і ляжаць дазвалялася толькі падчас адбою: з 22 да 6 гадзін. Аднак супрацоўнікі ІЧУ кожную ноч тройчы абуджалі «палітычныя» камеры і прымушалі кожнага прадстаўляцца і называць артыкул, па якім яны там знаходзяцца. У дзённы час сутак забаранялася нават паспрабаваць выцягнуць ногі на маленькай лаўцы. У адваротным выпадку чуўся крык дзяжурнага.

Перадачы таксама аддаюць у «абрэзаным» выглядзе — у лепшым выпадку пару-тройку найменняў з цэлага пакета. Адзінае, што было збольшага прымальна, гэта ежа ў ІЧУ, якую хаця б можна было есці і яе было дастаткова.

Папярэдні матэрыял
Палітыкі ЕС і ЗША пра прысуд па «справе Ціханоўскага»
Наступны матэрыял
СМІ: Аўстрыя зменіць свайго амбасадара ў Беларусі?

Iншыя матэрыялы