На русском языке:
Жена осужденного на 15 лет Игоря Лосика выпустила резкое обращение к Лукашенко
Гомельскі абласны суд сёння вынес прысуд фігурантам «справы Ціханоўскага» па якім аўтара тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозга» Ігара Лосіка прысудзілі да 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пасля абвяшчэння прысуду ягоная жонка Дар’я Лосік выпусціла рэзкі зварот да Лукашэнкі. Прыводзім яе словы без зменаў.
«Хвіліначку ўвагі. Мяне завуць Дар’я Лосік і я жонка палітвязня Ігара Лосіка. Я хачу звярнуцца да ўсіх, хто мае дачыненне да сённяшняга бязмежжа: суддзяў, пракурораў, прадстаўнікоў праваахоўных органаў, работнікаў СІЗА, і, вядома ж, грамадзяніна Лукашэнкі.
Сёння ўвесь гэты фарс, увесь гэты спектакль пад назвай «суд па справе Ціханоўскага» падышоў да канца. Як вы сябе адчуваеце пасля ўсяго гэтага, я пытацца не буду, але вельмі спадзяюся, што дрэнна. Як вам жыць далей, абдымаць блізкіх і любімых людзей, ведаючы, што вы нарабілі сёння. Спадзяюся, што дрэнна. Як гэта — усведамляць, што зламалі лёсы і жыцці невінаватым людзям? Спадзяюся, што балюча. Вы растапталі ўсе законы і нормы права, хоць ваша праца — іх выконваць. Вы схаваліся за дзвярыма СІЗА, судоў і таніраваных мікрааўтобусаў у надзеі, што ніхто і ніколі не ўбачыць вашых асоб, а вашыя справы, чорныя справы, ніколі не выйдуць вонкі. А дарма. Бо суддзі, пракуроры, сілавікі ў гэтай гульні проста пешкі, якія пры нязручным раскладзе пойдуць у расход. Сістэма зжарэ іх гэтак жа, як зараз пажырае сумленных і цудоўных людзей у засценках турмаў.
Таму я ў чарговы раз звяртаюся да грамадзяніна Лукашэнкі. Аляксандр Рыгоравіч, па ўсіх тэлеканалах і інтэрнэт-рэсурсах дзяржпрапаганды транслююць прамовы аб тым, які вы смелы, як вы самаахвярна і непахісна ратуеце краіну ад усіх мажлівых і неймаверных пошасцяў. Вельмі цікава. Бо вы змагаецеся з такімі нібыта страшнымі пагрозамі, але сустрэцца з адной простай дзяўчынай, любячай жонкай і маці ў вас смеласці не хапіла. Так можа даказаць, што гэта не так. І паўтаруся: я адна.
А вы можаце пасадзіць мяне ў адзін з вашых таніраваных мікрааўтобусаў, прыставіць мне да скроні пісталет і ў рэжыме поўнай ананімнасці вывезці туды, куды вам будзе заўгодна. Чаго вы баіцеся? Бо за вашай спінай, як вы ўжо сказалі, 90% падтрымкі, асноўная маса — гэта не толькі сілавікі, але і простыя людзі.
Давайце ж сустрэнемся, і я раскажу, праз што, дзякуючы вашым падначаленым прайшла наша сям’я, як гэта — перажыць дзве галадоўкі мужа, даведацца, што ён спрабаваў скончыць жыццё самагубствам прама на вачах аднаго з вашых так званых следчых, як гэта, калі цябе змяшчаюць у камеру з псіхічна нездаровымі людзьмі, і якое гэта — даведацца, што псіхолаг у СІЗА-3 горада Гомеля падштурхоўвае твайго мужа да новай спробы суіцыду.
Я раскажу ў фарбах пра свае пачуцці, якія ўзнікаюць, калі наша дачка з дня ў дзень пытаецца: «Мама, а дзе тата і чаму ён не ходзіць са мной гуляць у парк?». А вы паспрабуйце растлумачыць мне, навошта мы прайшлі і працягваем праходзіць праз усе гэтыя катаванні. Вы казалі, што не ваюеце з жанчынамі, але мой прыклад і прыклад дзясяткаў жанчын-палітвязняў кажа пра адваротнае. Я думаю, што тэм для абмеркавання больш, чым дастаткова. Выбар месца і часу я пакідаю за вамі. Уцякаць і хавацца за мяжой я не збіраюся. Дакажыце мне, што вы не баязлівец».
Усіх шасцярых фігурантаў «справы Ціханоўскага» асудзілі ў закрытым рэжыме ў гомельскім СІЗА. Гомельскі абласны суд вынес прысуд Сяргею Ціханоўскаму – 18 гадоў пазбаўлення волі, Мікалаю Статкевічу 14 гадоў, аўтару тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозгf» Ігару Лосіку і аўтара ютуб-канала MozgON Уладзіміру Цыгановічу па 15 гадоў, аператару «Краіны для жыцця» Арцёму Сакаву і мадэратару сацсетак «Краіна для жыцця» Дзмітрыю Папову – па 16 гадоў.
Усе палітвязні будуць адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, іх абавязалі выплаціць 2,5 мільёна рублёў кампенсацыі за нібыта нанесеную імі шкоду.