In English:
Opinion. Tatiana Shchyttsova on the detention of Ksenia Martul, the BSU lecturer
На русском языке:
Мнение. Татьяна Щитцова о задержании преподавательницы БГУ Ксении Мартуль
Прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова выказалася пра сённяшняе затрыманне выкладчыцы факультэта журналістыкі БДУ Ксеніі Мартуль. Прыводзім яе словы без зменаў.
Рэжым працягвае пераследваць таленавітых выкладчыкаў і вучоных з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Ксенія вяла тэлеграм-канал Gender_gap («Гендэрны_прабел»), які меў асветніцкі характар і быў накіраваны на пераадоленне сацыяльных стэрэатыпаў, якія зневажаюць чалавечую годнасць. У канцы лістапада Ксенія паведаміла калегам, што ў прапагандысцкім канале «Бондарава. Без купюр» з’явіліся пасты, якія змяшчаюць абразы на яе адрас і абвінавачванні ў прапагандзе ЛГБТ. Яна напісала, што разумее пагрозу, але не жадае пакідаць студэнтаў і з’яжджаць з Мінска. Сёння яна была дастаўлена на Акрэсціна.
Затрыманне Ксеніі паказвае, што рэжым спыняе любую публічную праяву самастойнага меркавання, імкнучыся дамагчыся татальнага маўчання і паслухмянасці ад грамадзян.
Бесцырымоннае ўварванне прадстаўнікоў сілавых органаў проста ва ўніверсітэцкую аўдыторыю сведчыць аб тым, што «сілавікі» паўсюдна адчуваюць сябе паўнапраўнымі гаспадарамі. Гэтая варварская манера паводзін нацэлена на нагнятанне атмасферы страху ў беларускім грамадстве.
Нягледзячы на тое, што сёння публічнае выступленне супраць гэтага беззаконня немагчымае, студэнты і выкладчыкі могуць захоўваць аўтаномію мыслення і падтрымліваць акадэмічную салідарнасць. Я ўпэўнена, што студэнты і калегі Ксеніі знойдуць магчымасць выказаць ёй сваю падтрымку.