In English:
Opinion. Yahor Lebiadok on risks of Belarus losing statehood
На русском языке:
Мнение. Егор Лебедок о рисках Беларуси потерять государственность
Аглядальнік Ягор Лебядок у сваім тэлеграм-канале апублікаваў пост, у якім разважае пра магчымыя варыянты страты Беларуссю дзяржаўнасці і чаму сёння яшчэ не позна ўсвядоміць сябе самастойным народам, адстойваць незалежнасць і беларускія нацыянальныя каштоўнасці. Прыводзім яго словы без зменаў.
«Беларусь рызыкуе страціць дзяржаўнасць, калі санкцыйны ціск будзе працягвацца».
Наладжванне сувязяў з ЕС па прынцыпе «калі не падтрымайце цяперашнюю ўладу, то тут будзе Расія» ўжо адпрацоўвалася ў 2014-2018 гг. У той перыяд на фоне вайны Расіі і Украіны ваенна-палітычная незалежнасць Беларусі для ЕС была сапраўды важнай. Але за мінулы год Беларусь у ваенна-палітычным сэнсе ператварылася ў аператыўную прастору для дзеянняў расійскіх войскаў. У Беларусі размешчаныя дадатковыя расійскія сілы ПКС. І ў цэлым змянілася вайсковая рыторыка ў адносінах да Украіны: і размяшчэнне Іскандэраў на беларуска-ўкраінскай мяжы, і сумесныя з расіянамі вучэнні там плануюцца, і ў баку Беларусь не застанецца ў выпадку вайны Украіны з Расіяй. Складана ўявіць, хто ў ЕС і асабліва ў ваенных структурах НАТА зараз сур’ёзна ўспрымае Беларусь самастойнай ад Расіі ў вайскова-палітычным плане. Таму і пагроза страты Беларуссю суверэнітэту ў гэтых адносінах для ЕС ужо не такая страшная, як тое было раней.
Шлях страты незалежнасці непасрэдна не агучваецца. Можа мы ў склад Кітая ўвойдзем, ці як новы эмірат у ААЭ? Прадстаўце карціну, што Паўночная Карэя заяўляе сусветнай супольнасці: калі вы не спыніце санкцыі, то Паўночная Карэя ўвойдзе ў склад Паўднёвай. Думаю, у Іране і іншых краінах пад санкцыямі нават думкі такой не ўзнікла б.
Трохі іранізуючы можна сказаць, што гэтая заява — праява майстэрства асіметрычных дзеянняў. Гэта значыць, у адказ на ўвядзенне санкцый супраць Беларусі — скасаваць дзяржаву Беларусь! Як такая логіка ўзнікае зразумець можна: схемы перайменавання і змены ўласнікаў арганізацый для абыходу санкцый даўно адпрацаваны, такое мысленне пераносіцца і на краіну — прадаць / перадаць іншаму фармальнаму ўласніку. Калі гаворка пра ўладу дзеля ўлады і ўзбагачэння, то ўжо не важна, хто фармальны ўласнік, не важна, ці валодаеш ты як прэзідэнт ці як кіраўнік якога-небудзь саюзнага парламента. Галоўнае — улада.
У кантэксце бягучай вайскова-палітычнай сітуацыі дарэчы ўспомніць заяву кіраўніка МЗС Расіі А. Козырава, зробленую падчас удзелу ў пасяджэнні Савета міністраў НБСЕ (цяпер АБСЕ), толькі 11 снежня 1992 г.: «Прастора былога Савецкага Саюза не можа разглядацца як зона поўнага прымянення норм НБСЕ . Гэта, па сутнасці, постімперская прастора, дзе Расіі трэба будзе адстойваць свае інтарэсы з выкарыстаннем усіх даступных сродкаў, у тым ліку ваенныя і эканамічныя. Мы будзем цвёрда настойваць, каб былыя рэспублікі СССР неадкладна ўступілі ў новую федэрацыю або канфедэрацыю, і пра гэта пойдзе жорсткая размова». Рыторыка і дзеянні расійскіх уладаў, незалежна ад таго, хто кіруе краінай, аднолькавая тры дзесяцігоддзі. Цяпер У. Пуцін заяўляе аб «чырвоных лініях» у адносінах з Украінай. І ў сувязі з гэтым учора прагучала заява Дж. Байдэна аб непрызнанні чыіх-небудзь «чырвоных ліній» у кантэксце будучых перамоваў з Пуціным. Гэта насамрэч важная заява для вайскова-палітычнага развіцця нашага рэгіёна. У што гэтыя словы ператворацца — відаць будзе ўжо ў бліжэйшыя пару-тройку месяцаў.
У 1990-х рудыментарна-наменклатурнае мысленне і барацьба за выжыванне людзей прывялі да адсутнасці ўсведамлення сябе народам і разумення важнасці незалежнасці і стратэгічных мэт. Многія дзейнічалі дзеля імгненнай выгады, паддаўшыся папулізму, у тым ліку дзеля, як тады здавалася, будучыні дзяцей і сваёй шчаснай старасці. Але прайшло 30 год, вырасла пакаленне, а праблемы палітычныя ў дзяржавы тыя ж. І добрая старасць пад пытаннем не толькі з-за эканомікі, але і магчымых ваенных дзеянняў, у тым ліку з Украінай. А ўсяго патрабавалася сказаць тады, што мы не прызнаём права Расіі ці іншых краін на нашу дзяржаву, і будаваць Беларусь незалежнай не толькі на паперы. Да, гэта было б цяжка эканамічна ў пачатку, але лягчэй зараз. Сёння яшчэ не позна ўсвядоміць сябе самастойным народам, адстойваць незалежнасць і беларускія нацыянальныя каштоўнасці, а не расійскія ці заходнія. Хаця гэта не менш цяжка, але так і становяцца паўнавартаснымі дзяржавамі, а не проста насельніцтвам тэрыторыі.